Чаму доўгі дэкрэтны адпачынак — элемент дыскрымінацыі жанчын?

Якая роля жанчын у сучаснай эканоміцы і каму выгадна, каб на рынку працы дзейнічала як мага больш адукаваных жанчын?

_dzeci___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Ці ёсць дыскрымінацыя жанчын у Беларусі? Пра гэта распавёў Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік «BEROC».

Паводле яго слоў, выключна з эканамічнага пункту гледжання дыскрымінацыя жанчын мае значныя негатыўныя бакі. Па-першае, яна дэматывуе: калі жанчыне стабільна будуць прапаноўваць зарплату меншую, чым мужчыну, то частка жанчын пагодзіцца на такія ўмовы, а частка вырашыць застацца хатнімі гаспадынямі.

Па-другое, калі ёсць залішняя нефармальная дыскрымінацыя, адбываецца пагаршэнне размеркавання чалавечага капіталу. Уявім, напрыклад, што ў жанчыны ёсць талент да хірургіі, але ёй не дазволілі працаваць хірургам. У гэтым выпадку яе месца зойме менш таленавіты хірург, а яна зоймецца іншай прафесіяй, у якой яна не такая таленавітая. Адпаведна, у дзвюх абласцях будуць працаваць не самыя лепшыя спецыялісты, што нанясе двайны ўдар па эканоміцы.


Ці ёсць дыскрымінацыя жанчын у Беларусі?

У Беларусі, як і ў любой іншай краіне, усё яшчэ існуе дыскрымінацыя па гендарнай прыкмеце. Менавіта з такога пункту гледжання можна аналізаваць, да прыкладу, спіс забароненых прафесій.

«У макраэканамічным сэнсе спіс забароненых прафесій уносіць не самы вялікі ўклад у дыскрымінацыю, але ўсё ж ён існуе і ўплывае на ўзровень дыскрымінацыі», — распавядае Львоўскі.

Наяўнасць у Беларусі доўгага аплачанага дэкрэтнага адпачынку таксама можа разглядацца як элемент дыскрымінацыі. Бо менавіта гэты фактар можа стаць вырашальным пры выбары працадаўцам кандыдата ў супрацоўнікі — мужчыны ці жанчыны. Па-першае, таму, што калі жанчына сыдзе ў дэкрэт, на яе месца прыйдзецца шукаць часовага супрацоўніка. Па-другое, працадаўца асцерагаецца, што калі жанчына вернецца пасля такога доўгага адпачынку, яна страціць частку свайго чалавечага капіталу.

«У выпадку такой рацыянальнай дыскрымінацыі мы не можам вінаваціць працадаўцу. Тут трэба выкараняць прычыны самой гендарнай няроўнасці. У выпадку з дэкрэтным адпачынкам шляхі вырашэння сітуацыі даволі відавочныя — можна скараціць працягласць дэкрэтнага адпачынку і ўвесці сістэму матывацыі хоць бы частковага сыходу мужчын у дэкрэтны адпачынак», — кажа эканаміст.



Як уплывае на эканоміку доступ жанчын да адукацыі і рынку працы

Леў Львоўскі тлумачыць, што роля жанчыны ў сучаснай эканоміцы шмат у чым такая ж, як роля мужчыны. У тэорыі, жанчыны складаюць палову насельніцтва, а на практыцы крыху больш за палову, таму што ва ўсіх краінах жанчыны жывуць даўжэй за мужчын.

Калі жанчыны выйшлі на рынак працы, паступова адбылося павелічэнне прапаноў паслуг спецыялістаў амаль у два разы. А калі ў краіне так значна павялічваецца колькасць працоўных рук, можна вырабіць у два разы больш тавараў і паслуг.

Такім чынам, выхад жанчын на працу станоўча паўплываў на эканоміку. Бо ВУП складаецца са спалучэння працы, капіталу і тэхналогій, і калі павялічваецца любы з гэтых элементаў, эканоміка расце.

Калі палепшыліся ўмовы доступу жанчын да адукацыі, эканоміка таксама адчула значныя змены. Гэта звязана з тым, што, з аднаго боку, чым больш адукаваныя жанчыны, тым менш яны нараджаюць, а з другога боку, адукаваныя жанчыны робяць значна большыя ўкладанні ў адукацыю і выхаванне сваіх дзяцей.

«Гэта значыць, жанчыны нараджаюць менш дзяцей, але больш клапоцяцца пра кожнага з іх. Гэта вядзе за сабой вялікія змены для рынку працы і чалавецтва ў цэлым», — распавядае Леў Львоўскі.