Кіраўнік Савета бяспекі: нельга блытаць стабільнасць у Беларусі з застоем
Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Леанід Мальцаў заклікаў прадстаўнікоў прэс-службаў дзяржорганаў і рэгіянальных прадстаўнікоў не блытаць сітуацыю стабільнасці ў краіне з застоем. "Нельга блытаць застой і стабільнасць. Гэта розныя рэчы", — заявіў ён, кажучы пра бяспеку Беларусі.
Кіраўнік Савета бяспекі падкрэсліў, што перш за ўсё неабходна забяспечыць у краіне эканамічную бяспеку, на якую ўплываюць і эканамічныя працэсы ў свеце і, у прыватнасці, у Еўрасаюзе, перадае
БелТА. А ўжо на базе эканамічнай стабільнасці трэба забяспечыць сацыяльную, "ну і далей — стабільнасць палітычную", дадаў Леанід Мальцаў.
Акрамя гэтага дзяржсакратар заявіў, што ў Беларусі няма палітыкі ўтойвання інфармацыі, і заклікаў прэс-сакратароў дзяржорганаў "аператыўна рэагаваць на падзеі і не даваць няслушнай інфармацыі
нават у нейкай адной дэталі".
У сваю чаргу намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч заклікаў прэс-сакратароў больш актыўна працаваць у інтэрнэце. "Без працы ў інтэрнэце і ў сацсетках не ўяўляецца праца СМІ, якія
хочуць быць запатрабаванымі, у тым ліку сярод моладзі. Гэты вельмі важны і дынамічны інфармацыйны сегмент, які ўвесь час развіваецца, і яго не павінны абыходзіць і органы дзяржкіравання, а адпаведна
і тыя людзі, якія адказваюць за работу са СМІ , за сувязі з грамадскасцю", — падкрэсліў намеснік міністра.