Кіраўніцтва гаспадаркі пайшло ў контратаку на працаўніц, якія пісалі скаргі — адна з іх ужо звольненая з працы

Больш за год працягваецца канфлікт групы працаўніц КСУП «Крыўск», што ў Буда-Кашалёўскім раёне, з кіраўніцтвам гаспадаркі.



dajarka.jpg

Некалькі даярак і аператар штучнага асемянення задалі «нязручныя» пытанні — спачатку кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства, а потым — у вышэйстаячыя інстанцыі ад райвыканкама да Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Скаргі ў розныя установы «вертыкалі ўлады» тычыліся немагчымасці прыватызаваць дамы ў вёсцы Крыўск па прымальным кошце, адсутнасці аплаты працы ў выходныя і святочныя дні, прэмій, матэрыяльнай дапамогі, неналежныя ўмовы працы, іншыя шматлікія парушэнні Жыллёвага, Працоўнага кодэксу, нарматыўна-прававых актаў.

У гаспадарку зачасцілі праверкі з кампетэнтных органаў, якія высветлілі, што, сапраўды, парушэнняў у дзейнасці кіраўніцтва гаспадаркі шмат. У выніку дырэктар КСУП «Крыўск» пакінуў сваю пасаду.

На вакантнае месца прыйшоў іншы дырэктар, які раней кіраваў прадпрыемствам «Беларуснафта-Асобіна» Аляксандр Ляйчонак. Дадзены кіраўнік стаў вядомы шырокай грамадскасці ў мінулым годзе дзякуючы скандалу: невядомы аўтар зняў на відэа, як на птушкафабрыцы «Беларуснафта-Асобіна» вядзецца гаспадарчая дзейнасць: дохлыя птушкі ляжаць па 5–6 дзён у трактарных прычэпах, вакол — бруд і смурод.

Пасля відэа, якое з'явілася ў інтэрнэце, у адносінах дырэктара была ўзбуджана крымінальная справа. Па дадзеных следства, дырэктар птушкафабрыкі даваў незаконныя загады падначаленым павялічваць аб'ёмы вытворчасці з парушэннем тэхналагічнага працэсу.

Каб павялічыць аб'ёмы вытворчасці, работнікі птушкафабрыкі павялічвалі колькасць яечак, якія закладваліся ў інкубатары, і шчыльнасць пасадкі куранят. Гэта прывяло да парушэння мікраклімату ў птушніках, што, у сваю чаргу, прывяло да масавай гібелі курэй. Гэтымі іншымі дзеяннямі дырэктар, па меркаванні СК, панёс прадпрыемству шкоду на больш чым мільярд рублёў. Восенню 2014 года крымінальная справа была перададзена ў пракуратуру, адкуль павінна была пайсці ў суд. Але сляды кіраўніка згубіліся — і вось ужо вясной 2015 года ён узначаліў КСУП «Крыўск».

На тых даярак і аператара штучнага асемянення, якія пісалі скаргі ў розныя інстанцыі, пачалася контратака. Так, з даяркай Ганнай Краснікавай, якая дваццаць гадоў прапрацавала ў гаспадарцы, заключылі новую працоўную дамову — з выпрабавальным тэрмінам у тры месяцы. Таксама яна ўжо атрымала спагнанне — вымову, нібыта за парушэнне тэхналагічнага працэсу пры даенні кароў. На ферму прыйшла адмысловая камісія, якая сачыла, як даярка выконвае свае абавязкі. Па словах даярак, якія супрацьстаялі кіраўніцтву, зараз на іх арганізаваныя татальныя праверкі.

Яшчэ суровей абышлося кіраўніцтва з аператарам штучнага асемянення Валянцінай Кулідобры — 20 траўня яе звольнілі з працы. Аператарам штучнага асемянення жанчына працавала ў гаспадарцы з 2003 года. Яна ўпэўнена, што звальненне з працы звязанае менавіта з тым, што жанчыны пісалі скаргі на парушэнні з боку кіраўніцтва гаспадаркі.

Жанчына звярнулася з зыскам у суд Буда-Кашалёўскага раёна. Яна просіць прызнаць яе звальненне незаконным, аднавіць яе на працы і прымусіць гаспадарку выплаціць ёй грошы за час вымушанага прагулу. Таксама Валянціна Кулідобры просіць суд прызнаць незаконнымі новыя службовыя інструкцыі, распарадак працы і працоўную дамову, якія не адпавядаюць заканадаўству.

З падобнымі заявамі ў суд — прызнаць незаконнымі працоўныя дамовы, распарадак працы і службовыя інструкцыі звярнуліся ў раённы суд і некалькі даярак. Зараз суд Буда-Кашалёўскага раёна разбіраецца з дадзенымі справамі аб працоўных спрэчках.

spring96.org