У Мінгарвыканкаме не прынялі подпісы за паляпшэнне якасці вады
Кіраўнік ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына» і адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, які ўжо больш за пяць гадоў займаецца пытаннямі якасці вадаправоднай вады ў Мінску, мусіў 13 красавіка сустрэцца з першым намеснікам старшыні Менгарвыканкаму Уладзімірам Кухаравым, каб высветліць, калі ж вадаправодная вада ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах будзе пераведзеная на артэзіянскія крыніцы. Зрабіць гэта ўлады абяцалі яшчэ ў 2014 годзе, але потым увесь час пераносілі тэрміны.

Запісацца да яго на
прыём атрымалася толькі пасля пяці тэлефанаванняў і двух візітаў у
Мінгарвыканкам па гэтым пытанні, але 13 красавіка “высветлілася”, што Дзяніса
Садоўскага ў спісах на прыём няма і ніхто з ім размаўляць не будзе.
“Я хацеў запытаць,
куды зніклі грошы на перавод вадаправоднай вады, якія вылучаліся больш чым пяць
гадоў, і чаму дзеля будаўніцтва камерцыйных будынкаў зачыняюцца ўжо
распрацаваныя артэзіянскія свідравіны, а не перанакіроўваюцца гэтыя водныя
рэсурсы для праблемных раёнаў. Але нават задаць гэтыя пытанні мне не далі.
Падчас сустрэчы таксама планавалася перадаць каля 500 подпісаў менчукоў з
патрабаваннямі адказу на гэтыя пытанні. Аднак іх адмовіліся прыняць”, —
адзначыў у каментары прэсавай службе БХД Дзяніс Садоўскі.
“Відавочна, што
ўладам няма што адказаць. Яны нахабна хаваюцца за сваімі сакратарамі і кабінетамі,
а грошы проста знікаюць і адказнасць за гэта несці ніхто не хоча. Тым не менш,
мы працягваем нашу кампанію і збор подпісаў пад нашымі патрабаваннямі. Мы
будзем і надалей дамагацца ад чыноўнікаў адказу на пытанні, якія хвалююць
менчукоў”, — падкрэсліў ён.
Нагадаем, у
інтэрнэце пачаўся анлайн-збор подпісаў “За чыстую ваду”. Збор праходзіць на платформе Zvarot.by,
на якой кожны пастаўлены подпіс мае юрыдычную значнасць.
Паводле bchd.info