Кіберпартызаны: Гэтыя напады — для згуртавання людзей, а не для шкоды грамадству

Яны зліваюць спісы супрацоўнікаў МУС у сеткі, яны робяць атакі на дзяржаўныя сайты. І яны захоўваюць ананімнасць. Belsat.eu паразмаўляў з адным з кіберпартызанаў пра мэты і планы гэтага руху.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Пра базу супрацоўнікаў МУС

Самая гучная заява ад кіберпартызанаў была пра зліццё асабістых даных сілавікоў. Зараз інфармацыя з’яўляецца ў розных суполках і ў блогераў, якія працуюць з ёю і пакрысе публікуюць.
«Працэс публікацыі ўжо ідзе. Данымі дзеліцца Nexta, Чорная Кніга Беларусі і новы сэрвіс BlackBook, створаны сумесна з каналам анархічнай групы «Прамень»», – распавёў адзін з партызан. Паводле гэтых жа даных каманда ЦІханоўскай складае «спіс Тарайкоўскага».
«Але людзі ўсё роўна пытаюцца: дзе база. А яна перад іх вачыма. Пакуль грамадская ўвага не пераключылася на вывучэнне даных», – падкрэсліў наш суразмоўца.
Перад тым, як абнародаваць асабістую інфармацыю пра сілавікоў, кіберпартызаны зрабілі заяву, у якой прасілі міліцыянтаў і АМАП спыніць гвалт:
«Усе метады добрыя для таго, каб дастукацца да сілавікоў. Надзея [што яны адумаюцца. – Belsat.eu] была і застаецца».


МУС у сваю чаргу абвесціў, што супраць тых, хто пагражае ці абражае сілавікоў, узбуджана больш за 40 крымінальных справаў. Ананімны партызан не ведае, ці закранулі гэтыя справы кагосьці з іх кіберсупольнасці:
«Цяжка сказаць дакладна. Мяркую, што гэта людзі альбо падстаўныя, альбо інтэрнэт-байцы – каментатары, якія не пабаяліся выйсці на прамы кантакт з «ахвярамі» і выказаць у адкрытую. Мы ж мала выпадкаў бачым, калі грамадзяне ідуць прама ў пастарунак міліцыі і выказваюць усё ў твар. Тут тое самае… З майго асабіста атачэння абсалютна нікога не закранула гэтая тэма».


Зараз партызаны перабіраюць сайты дзяржустаноў. Напрыклад, некалькі дзён не працаваў сайт МУС пасля публікацыі новых спісаў людзей у вышуку.


Сярод астатніх пацярпеў і сайт беларускіх латарэй.
«Можна было паступіць як заўгодна, каб усе выйгралі, напрыклад. Мы гэта зрабілі не для таго, каб нашкодзіць, а для карысці. Нават сістэмнаму адміністратару пакінулі запіску, што ўсё ОК, можна не турбавацца, сайт пацярпеў нязначныя змены.
Усе гэтыя напады праводзяцца для згуртавання людзей, а не для шкоды грамадству. Свайго роду віртуальны пратэст. Каб рух набіраў сілу, неабходна пастаянна абʼядноўваць людзей, якія хочуць далучыцца і ўнесці свой уклад. Спадзяюся, сурʼёзнасць нападаў, якія здзяйсняюцца, будзе ўзрастаць і атрымліваць адчувальны эфект», – патлумачыў ананім.
Зараз супольнасць рыхтуе маніфест, дзе распавядзе пра пазіцыянаванне арганізацыі, спосабы камунікацыі, агульныя правілы прыняцця ў арганізацыю, працэдуру праверкі і фільтрацыі карыстальнікаў і мэты партызан.
«Чагосьці фантастычнага там напісана не будзе. Мэта – даступна растлумачыць нашы мэты».
Войска кіберпартызан расце даволі інтэнсіўна, на ўдзел ужо падалі заяўкі некалькі тысяч чалавек, з якіх будуць фармаваць асобныя суполкі:
«Атрады будуць падзяляцца ў першую чаргу па лінгвістычнай прыкмеце, бо падаюць заяўкі з усяго свету. І мовы, адпаведна, адрозніваюцца».
– Ці былі спробы ціхароў патрапіць у кампʼютарныя войскі партызан?
– Верагодна, але паверце, яны не пройдуць нашу праверку, – кажа ананімны кіберпартызан.