Кавярня «Інклюзіўны барыста» пашыраецца. Людзям з інваліднасцю прапануецца навучанне і праца
А1 і кавярня «Інклюзіўны барыста», у якой працуюць вазочнікі, а ў дырэктара сіндром Дауна, абвясцілі аб пашырэнні сеткі сумесных устаноў і наборы ў Акадэмію інклюзіўных барыста з наступным працаўладкаваннем для тых, хто паспяхова пройдзе навучанне.
Вопыт ад патэнцыйных «студэнтаў» не патрабуецца. Але вітаецца гатоўнасць да пераезду, бо новыя кавярні будуць адкрывацца не толькі ў сталіцы, але і рэгіёнах.
Для таго, каб стаць вучнем інклюзіўнай акадэміі і прэтэндаваць на месца ў камандзе праекта «Інклюзіўны барыста», неабходна да 10 лютага (уключна) запоўніць анкету.
Аб ініцыятыве распавядае актывіст-вазочнік і заснавальнік «Інклюзіўнага барыста» Аляксандр Аўдзевіч. З лістапада яго кава-корнер працуе ў флагманскім магазіне А1 у самым цэнтры Мінска і, мяркуючы па частых чэргах, запатрабаваны. Яшчэ больш аб поспеху бізнес-праекта кажуць 1500 рублёў падаткаў, якія хлопцы заплацілі за квартал.
«Калі мы разам з А1 адкрывалі кавярню на Кастрычніцкай плошчы, мы разлічвалі, што нам стандартна спатрэбіцца некалькі месяцаў, а можа быць і год, каб раскруціцца і абзавесціся сталымі наведвальнікамі, — распавядае Аляксандр Аўдзевіч. — Але вынік аказаўся лепшым за нашы самыя смелыя чаканні: цяпер інклюзіўныя барыста вараць больш за 100 кубкаў кавы ў дзень і нам нават прыйшлося павялічыць штат. У маіх супрацоўнікаў дастойная зарплата, ад 600 рублёў + чаявыя і адсотак ад продажаў за 3-4 працоўныя дні ў тыдзень».
Пры гэтым, як адзначае Саша, амаль кожны дзень ён атрымлівае паведамленні ад людзей, якія пытаюцца, як можна стаць часткай каманды. У сувязі з гэтым было прынята сумеснае рашэнне з А1, адкрыць набор вучняў у Акадэмію інклюзіўных барыста. Навучацца тыя, хто пройдзе адбор, будуць ў кавярні на Інтэрнацыянальнай.
У першую чаргу патэнцыйнага працадаўцу цікавіць матывацыя таго, хто вырашыў адаслаць заяўку — ці гатовы ён да выклікаў. Праз тое, што давяядзецца працаваць з людзьмі, прапануюць распавесці пра сябе ў кароткім відэа альбо матывацыйным лісце. Яшчэ адна перавага, якая павялічыць шанцы прэтэндэнтаў, — гэта гатоўнасць да пераезду.
«Ацаніўшы станоўчы досвед супрацоўніцтва з «Іінклюзіўным барыста», мы прынялі рашэнне зрабіць такія кавярні «фішкай» іншых нашых крам, у тым ліку і рэгіянальных. Над адкрыццём адной з іх мы ўжо працуем», — кажа начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.
Месца, дзе адкрыецца новая кавярня, будзе абвешчана пазней. Але першы набор у Акадэмію інклюзіўных барыста адбудзецца ў лютым па выніках анлайн-сумоўя.
«Студэнтам» аплацяць дарогу і прадаставяць жыллё. Выйсці на працу лепшыя вучні змогуць ужо ў сакавіку.