Касацыйную скаргу палітвязня Дзядка разгледзяць 30 красавіка
Разгляд касацыйнай скаргі палітвязьня Мікалая Дзядка адбудзецца ў 10 гадзін 30 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе.
Пра гэта паведаміў бацька палітвязня Аляксандр Дзядок. Праваабаронцы разлічваюць, што разгляд касацыйнай скаргі будзе адкрытым, паведамляе сайт statkevich.org.
Мікалай Дзядок падрыхтаваў адмысловы зварот з патрабаваннем сваёй дастаўкі ў суд, бо лічыць, што мае права выказаць сваю пазіцыю. Ці будзе гэтае хадайніцтва задаволена, пакуль невядома.
Мікалай Дзядок павінен быў выйсці на волю яшчэ 3 сакавіка. Актывіст адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў. Сваёй віны на судзе ён не прызнаў, а пазней адмовіўся падаваць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Палову тэрміну Мікалая Дзядка трымалі ў «крытай» турме як злоснага парушальніка рэжыму.
26 лютага рашэннем Ленінскага раённага суда Магілёва ён быў прысуджаны да дадатковага года зняволення ў калоніі строгага рэжыму па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса «за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
Дзядок выступіў з адкрытым лістом да беларускіх і замежных праваабаронцаў з заклікам распачаць кампанію па выдаленні артыкула 411 з Крымінальнага кодэкса.
Адмены гэтага артыкула, які з’яўляецца спадчынай савецкай судовай сістэмы і не мае аналагаў у заканадаўстве іншых постсавецкіх краін, дамагаюцца беларускія праваабаронцы.