Карбалевіч — пра раскол у BYPOL: Такія скандалы змяншаюць давер да эміграцыйных цэнтраў
Палітолаг Валерый Карбалевіч у каментары «Салідарнасці» — пра магчымыя наступствы і ўрокі канфлікту паміж былымі сілавікамі.
13 чэрвеня Аб'яднаны пераходны кабінет паведаміў аб выніках сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прадстаўнікамі аб'яднання былых сілавікоў, дзе раней выбухнуў скандал. Прынята рашэнне аб рэарганізацыі: BYPOL, план «Перамога» застануцца за Азаравым і Лупаносавым, а іх ужо былыя калегі створаць новую структуру.
Паміж бакамі падзеляцца сацыяльныя сеткі, у аб'яднанні будзе
праведзены фінансавы аўдыт, а ўсе ўдзельнікі канфлікту пройдуць незалежны
паліграф. Таксама працягне дзейнічаць мараторый на ўзаемныя абвінавачанні і
публічную крытыку.
Якія наступствы могуць быць у гэтага канфлікту і які ўрок
можна з яго вынесці дэмакратычным сілам, выданне спытала ў палітолага
Валерыя Карбалевіча.
— Рашэнне АПК у дачыненні да гэтага канфлікту вельмі
рацыянальнае і правільнае — падзяліць функцыі, каб яны не перасякаліся, і
прапанаваць не ўступаць у публічную палеміку. Ці будзе гэта рэалізавана на
практыцы, цяжка сказаць, — кажа эксперт.
Палітолаг лічыць, што канфлікт нанёс вельмі сур'ёзны
рэпутацыйны ўдар па BYPOL, і цяпер давер да абодвух бакоў і ўсіх фігурантаў,
якія праявілі сябе ў гэтым канфлікце, упадзе — асабліва ўнутры Беларусі.
— Для тых, хто застаецца ўнутры і пастаянна падвяргаецца
небяспецы быць арыштаванымі, любыя эмігранцкія сваркі ўспрымаюцца вельмі
негатыўна, і ўсё гэта кладзецца плямай на ўсе цэнтры апазіцыі: на офіс Ціханоўскай, АПК і іншыя.
Што тычыцца даверу да плана «Перамога», то гэты
план — такая таямніца і, магчыма, міфалагема. Існуе ён ці не, які яго рэальны
кошт... Таму цяжка ацэньваць яго рэальнасць, перспектыву, а ўжо тым больш
стаўленне да яго беларусаў.
Думаю, што надзей адносна гэтага плана, вядома, паменшыцца.
І чым больш будзе такіх скандалаў, тым менш будзе даверу да ўсіх эмігранцкіх
цэнтраў.
Які ўрок з гэтага канфлікту маглі б вынесці дэмакратычныя
сілы? Карбалевіч адзначае, што канфлікты ў апазіцыйным асяроддзі — хутчэй
норма, чым выключэнне. І ўся гісторыя дзейнасці беларускай апазіцыі, пачынаючы
з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, гэта пацвярджае. Калі б палітыкі выносілі
ўрокі, палітыка была зусім іншай.
— Іншая справа, што ў 2020 годзе ў палітыку прыйшло шмат
новых людзей, якія наогул пра гэтыя канфлікты і звады нічога не ведаюць. Тут
галоўны ўрок у тым, што канфлікты памяншаюцца, калі з'яўляецца рэальны шанц на
перамогу. Калі летам і восенню 2020 года быў такі шанц, канфлікты ўнутры
апазіцыйных сіл рэзка зменшыліся.
Калі верагоднасць перамогі памяншаецца, канфлікты
абвастраюцца — у гэтым ёсць абсалютная заканамернасць. Таму не думаю, што
канфлікт у BYPOL кагосьці нечаму навучыць ці нешта прадухіліць, — заключае
эксперт.