“Калядныя” падарункі ад Свіслацкага суда

Добрай традыцыяй судоў Гродзенскай вобласці стала выносіць рашэнні… завочна. Удзельнікаў традыцыйнага мерапрыемства па ўшанаванні памяці Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы і Якушоўцы так акурат і судзілі. Завочна.



get_img18.jpg

Перавернуты дагары нагамі дзяржаўны сцяг на будынку суда ў Свіслачы. Здымак аўтаркі

Само мерапрыемства прайшло яшчэ 27 кастрычніка, але рэха яго чутно да гэтага часу. Сапраўды, навошта замарочвацца судовай працэдурай, калі можна абмежавацца звычайнай паштоўкай. “Вам прысуджаны штраф у памеры восем базавых велічынь", — такія “святочныя" віншаванні атрымалі напярэдадні Новага года, напрыклад, Ірына Данілоўская і Алесь Кіркевіч. Дарэчы, Алесь Кіркевіч быў пакараны за тое, што “слухаў выступоўцаў, якія негатыўна выказваліся пра ўладу".

 

Заўважце, сам нічога не гаварыў, а толькі слухаў — і ўжо аднаго гэтага аказалася дастаткова. Ну, як тут не ўспомніць глуханямога, які “выкрыкваў" антыўрадавыя лозунгі? Такім чынам, Свіслацкі суд паспяхова рэаніміраваў практыку сталінскіх часоў, калі так званае “Особое совещание" толькі так і працавала, без удзелу адвакатаў, пракурораў і самога абвінавачанага. У стандартным бланку з загадзя надрукаваным тэкстам — “слухалі, пастанавілі" — толькі ўпісвалі колькасць гадоў зняволення альбо нават расстрэл.

 

Аднак нават у сталінскія часы, калі справу разглядаў суд, абвінавачаны на яго пасяджэнні абавязкова прысутнічаў. У нашым выпадку юрыдычная спадчына мінулага стагоддзя ў Свіслацкім судзе творча дапрацавана.

 

На гэтым вынаходніцтвы суда не заканчаюцца. Гарадзенец Валеры Кісель атрымаў позву ў суд СМС-кай! Справа тут яшчэ ў тым, што спадар Кісель, якога згодна з пратаколам абвінавачваюць ва ўдзеле ў “несанкцыянаваным мерапрыемстве, якое парушыла ўсталяваны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў", на самай справе знаходзіўся тады за сотні кіламетраў ад месца правядзення мерапрыемства.

 

Старшыня Гродзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў патлумачыў:

 

“Позва на судовае пасяджэнне па СМС выглядае як нейкі здзек ці не вельмі ўдалы жарт. Яна павінна быць уручана належным чынам. Інакш — гэта прамое парушэнне закона.

 

Вольга Камягіна, t-styl.info