Каціная душа беларускіх зорак
Невыпадкова Міжнародны дзень котак прыпадае на 1 сакавіка — душа муркоча праз надыход вясны, хочацца доўгіх шпацыраў — сам-насам, як котка, ці, наадварот, дзяліцца любоўю і цеплынёй з блізкімі.
Ірына Кабасакал
Валанцёры дабрачыннай арганізацыі «ЗААшанец» нагадваюць аб тысячах бяздомных жывёлаў. Прыглядзіцеся, магчыма, нехта з іх — ваша роднасная душа. Бо кожны з нас — трошачкі кот ці котка. І пацвярджаюць гэта зоркі беларускага шоў-бізнэсу, якія пазнаёміліся з гадаванцамі «ЗААшанца» і даверылі сваю каціную душу фатографу Ядвізе Адамчык.
Музыка і шоў-мэн Дзядзя Ваня, хоць і нарадзіўся ў ліпені, лічыць сябе сапраўдным сакавіцкім катом. А гэта можа азначаць і брутальнага кацяру, і ласкавае кацяня.
«З коткамі ў мяне шмат агульнага!» — запэўнівае мадэль, спявачка і мастачка Ганна Гоманава і пералічвае перавагі сваёй кашэчай натуры: «Высокі інтэлект, любоў да свабоды, адказнасць за нашчадкаў, пластыка, не паддаюся дрэсіроўцы, здабытчыца». Па словах Ганны, ейны сябар дзяцінства кот Мурзік таксама быў такі: дзёрзкі, наравісты, схільны да начнога ладу жыцця.
Каларытны мужчына і вядомы саксафаніст Павал Аракелян лічыць сябе сапраўдным катэ, а сапраўдны катэ, па ягоных словах, незалежна ад сацыяльнага статусу ў кашэчым свеце, заўсёды гатовы паганяць балду.
Дарэчы, зусім нядаўна Павал узяў сабе чароўнага катэ з прытулку «ЗААшанца».
Легендарны беларускі рокер ЛявонВольскі падзяляе кашэчую любоў да цеплыні — як фізічнай, так і духоўнай, а таксама да разумнай ляноты: «Навошта рабіць лішнія рухі, калі можна абысціся без гэтага?»
«Ну і, натуральна, незалежнасць», — дадае Лявон яшчэ адну агульную рысу.
Рэдактарка часопісу «Пінгвін» Ірына Кабасакал проста абажае каціны масаж: калі любімы кот будзіць яе сваімі мяккімі лапкамі, а сама яна падобная на котку ў сваёй любові да сну.
Лідар гурта «No Comment Band» Aлег Лімон, як кот, жыве па начох, а днём спіць. А яшчэ, нават калі галодны, застаецца добрым.
Нешта агульнае ёсць і паміж нажніцамі мадэльера і кашэчымі кіпцюрамі — непрадказальнасць вынікаў узаемадзеяння з тканінай. Вядомы беларускі дызайнер Іван Айплатаў адзначае прыгажосць, грацыю і стыль кожнай котамадэлі.
Не дзіва, што модны фатограф Ядвіга Адамчык ужо не першы год ладзіць фотасэты для жывёл з прытулку: яна ж не толькі кашатніца, але і сама — жанчына-котка: «Люблю сонейка і пяшчоту, а яшчэ лепей — песціцца на сонейку».
Усе каты і коткі, якія ўзялі ўдзел у фотасэсіі, знаходзяцца пад апекай валанцёраў «ЗААшанцу»: кагосьці знайшлі на вуліцы, кагосьці ўратавалі ад смерці, а чыёсьці кацінае сардэчка адагрэлі пасля здрады нягеглых гаспадароў.
Прыглядзіцеся да жывёл! Магчыма, паміж вамі шмат больш агульнага, чым вы думалі!
Дабрачыннае грамадскае аб’яднанне дапамогі бяздомным жывёлам «ЗААшанец» http://zooshans.by/