«Каб як мядзведзь лапы не смактаць — трэба працаваць!»

Калісьці вёска Партызанская, што ў Хойніцкім раёне, мела куды больш паэтычную назву — Аўраамаўская. І жылося тут раней куды весялей, было шматлюдней. 



59.jpg

У вёсцы размяшчалася ажно 8 крамаў, шпіталь, школа, пошта, дрэваапрацоўчы завод. З усіх сацыяльных выгодаў засталася адна крама, ды тая адчыненая толькі да абеду. А таму – ані працы, ані дапамогі чакаць папросту няма ад каго.
 

5.07.2014: Лес-карміцель


ІРЫНА ХАЎСТАВА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ПАРТЫЗАНСКАЯ:


«Дзень і ноч — каб падрыхтавацца да зімы, каб як мядзведзь лапы не смактаць — трэба працаваць! Трэба працаваць штодня, бо ўлетку кожны дзень, ведаеце, за месяц!»


Цяпер вёска вымірае: апроч пенсіянераў, тут жывуць толькі дзве вялікія сям’і. У Ірыны Хаўставай ажно пяцёра дзяцей. Каб пражыць, працуюць ад рана да рана. Усё сваё: і бульба, і фасоля, і цыбуля з моркваю, і буракі з гарбузамі. Аднак галоўным карміцелем для жыхароў Партызанскай быў і застаецца лес.


ІРЫНА ХАЎСТАВА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ПАРТЫЗАНСКАЯ:


«Летась рабілі ў хаце рамонт — таксама за ягады куплялі ўсё: і фарбы, і шпалеры, і клей — ну, усё неабходнае для дому. Газ заробім — купім. Дзецям у школу — таксама ў ягадах зарабляем, каб абуць-адзець, на 1 верасня выправіць дзяцей у школу. Усё неабходнае для школы купляем».


Хаўставы жартуюць: хай бы тое лета было круглы год! Аднак жарт атрымліваецца сумны. Лясныя ласункі амаль за бясцэнак здаюць перакупшчыкам, бо ў краме патрабуюць даведку з санстанцыі. А таму, каб зарабіць на жыццё, даводзіцца літаральна не вылазіць з лесу. 


ТАЦЦЯНА ХАЎСТАВА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ПАРТЫЗАНСКАЯ:


«Вырасту, пайду навучацца. Але не, я не хачу жыць у вёсцы і мець з ёй надалей нейкія справы. І з лесам таксама. Так, гэта вельмі цяжка. Чыста таму, што трэба, хаджу. А вось каб чыста для сябе пайсці — не!»


Гаспадар сямейства Гела Берберашвілі ўзімку ездзіць на заробкі ў Расею, улетку таксама ходзіць у лес з сям’ёй. Прыгадвае, што калісьці гэтаксама збіраў гарбату ў роднай Грузіі.


ГЕЛА БЕРБЕРАШВІЛІ, ЖЫХАР ВЁСКІ ПАРТЫЗАНСКАЯ:


«Для мяне асабіста — гэта заробкі. Вялікія заробкі, больш, чым у Маскве. Калі працуеш — і тут заробіш. Улетку. Хутка тут увогуле ніхто не будзе жыць, але я адсюль усё роўна нікуды не паеду. Я прызвычаіўся тут, я люблю тут. Як выйду на вуліцу, зірну на гэтыя разваліны, хлявы — для мяне гэта шчасце!»


Вось толькі колькі праіснуе яшчэ гэтае, хай і цяжкое, але шчасце? Навакольны лес няшчадна высякаецца, а на ўсё меншыя ягадныя і грыбныя мясціны штораз квапяцца ўсё больш дзікоў ды прыезджых збіральнікаў.


«Аб’ектыў», belsat.eu