Супраць яшчэ аднаго бізнесмена распачата справа за нявыплату падаткаў

Следчы камітэт Беларусі расследуе крымінальную справу ў дачыненні да бізнесмена Юрыя Авяр'янава, падазраванага ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Пра гэта 7 верасня 2017 году паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

n0abtr_w631h356.jpg


У рамках расследавання заключаны пад варту кіраўнікі шэрагу камерцыйных структур, усяго ў СІЗА знаходзяцца шэсць чалавек, у тым ліку дырэктары кЗАТ «Гандлёвы свет -«Кальцо» і ТАА «Парк забаў Дрымлэнд», кіраўнік «Madison Royal Club», паведамляе telegraf.by. Сам Авяр'янаў знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
Справа ўзбуджаная па матэрыялах дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, праінфармавала Юлія Ганчарова.
У 2000-х гадах Юрыя Авяр'янаў уваходзіў у дзясятку самых багатых бізнесоўцаў Беларусі. Ён стварыў рэчавы рынак на стадыёне «Дынама», аўтарынак у Малінаўцы, рынак будматэрыялаў ва Уруччы, адкрыў парк забаў «Дрымлэнд», некалькі клубаў, дыскатэк і іншых забаўляльных устаноў. У сакавіку 2016 года паведамлялася, што у бізнесоўца ўзніклі буйныя праблемы ў сувязі з даўгамі на 40 млн долараў.