«Яндэкс»: падзеяй года для беларусаў стаў крызіс ва Украіне

Самай запытванай у інтэрнэт-пошуку падзеяй 2014 для беларусаў стаў крызіс ва Украіне, паведамілі БелаПАН прадстаўнікі прэс-службы кампаніі «Яндэкс» са спасылкай на гадавую статыстыку пошукавых запытаў карыстальнікаў з Беларусі.



what_is_going_on_in_ukraine.jpg

На другім месцы ў рэйтынгу аказаліся зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы. У першую тройку ўвайшла лакальная падзея — адкрыццё аквапарку ў Мінску. Па дадзеных «Яндэкса», беларусаў турбуе і паслабленне расійскага рубля. Цікавасць карыстальнікаў таксама выклікалі Дары вешчуноў, прывезеныя ў Мінск, і эпідэмія ліхаманкі Эбола ў Афрыцы.
Як адзначаюць аналітыкі «Яндэкса», усплёск цікавасці жыхароў Беларусі быў адзначаны ў сувязі з адкрыццём новага комплексу Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Увага карыстальнікаў таксама прыцягнула інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі расійскай тэлевядучай Ксеніі Сабчак. Апошнія пазіцыі ў першай дзесятцы прыйшліся на трагічныя падзеі: крушэнне малайзійскага Boeing 777 і пакаранне смерцю амерыканскага журналіста Джэймса Фоўлі.
У цэлым, па дадзеных «Яндэкса», беларусы актыўна цікавяцца падзеямі, якія адбываюцца ў свеце, у першую чаргу ў суседніх краінах. Толькі чатыры з дзесяці самых прыкметных падзей года наўпрост звязаныя з Беларуссю.
Даведка БелаПАН. «Яндэкс» — расійская ІТ-кампанія, якая валодае аднайменнай сістэмай пошуку ў сеціве і інтэрнэт-парталам. Прыярытэтным напрамкам з'яўляецца распрацоўка пошукавага механізму, але за гады працы «Яндэкс» стаў мультыпарталам, які ў цяперашні час дае больш за 50 сэрвісаў. Мінскі офіс «Яндэкса» быў адкрыты ў жніўні 2011 года.
naviny.by