Якія помнікі архітэктуры варта паглядзець у Мсціславе падчас рыцарскага фэсту?
Невялікі Мсціслаў поўны старымі будынкамі, якія нагадваюць нам пра былыя слаўныя часы нашай дзяржавы. На што варта звярнуць увагу ў гэтым гарадку, калі вы вырашылі наведаць сёлетні рыцарскі фэст у суботу і нядзелю 27 і 28 ліпеня?
Фота mstislaw.by
На вуліцы Калініна дом №49 — гэта будынак былой пошты, які датуецца пачаткам ХХ стагоддзя.
Да гэтага ж часу адносіцца і будынак пажарнай каланчы (вул.Камсамольская, 16а).
На вуліцы Кірава месціцца бадай што самы стары мясцовы помнік — Успенскі касцёл з фрэскамі ў інтэр’еры, брама, кляштарны корпус. Ён быў пабудаваны яшчэ ў 1614 г., але пазней у 1746 – 1750 гг. быў рэканструяваны.
Будынак былой земскай управы месціцца па адрасе Леніна, 28 (канец ХІХ — пачатак ХХ cтагоддзя). Недалёка ад яго — Царква Аляксандра Неўскага з брамай і агароджай (1870 год).
На Карла Маркса, 31 знаходзіцца двухпавярховы будынак з арачнай галерэяй у два паверхі. Гэта лямус канца ХІХ – пачатку ХХ ст.
На гэтай самай вуліцы ў будынку №77 знаходзіцца паравы млын пачатку ХХ ст.
Мужчынская гімназія ХІХ ст. размяшчаецца на вуліцы Першамайскай, 14.
Ёсць у Мсціславе і свой Парыж. Так звалася некалі гасцёўня (будынак былога дваранскага сходу) канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Знаходзіцца па адрасе: Першамайская, 15.
А ранейшая гасцініца ”Лондан“ таго ж веку – на вул.Пралетарская, 55.
На перакрыжаванні вуліцаў Першамайскай і Пралетарскай захаваўся калегіум езуітаў – касцёл, кляштарны корпус з сюжэтнымі роспісамі ў інтэр’еры келляў і трапезнай. Датуецца 1745 – 1750 гг.
Яшчэ адзін помнік канца ХІХ ст. — будынак былога казначэйства. Знаходзіцца на вул.Савецкая, 14. Побач (вул.Савецкая, 17) цікавы дом ліхвяра Віленкіна (займаўся тым, што пазычаў грошы пад працэнты).
На вуліцы Энгельса, на могілках стаіць Спаса-Праабражэнская царква другой паловы ХІХ ст.
І на дэсерт — дзве мясцовыя гары. Замкавая (датуецца ХІІ – ХІІІ ст.) — тут будуць адбывацца баі рыцараў, а таксама Дзявочая — паміж вуліцамі Пралетарскай, Чырвонай і Пушкіна. Гэтая гара адносіцца да 1-га тысячагоддзя да н.э. — 1-га тысячагоддзя н.э.
Антон Валадзько, фота Яўгеніі Алефірэнка, horki.info