Які сімвал аб’яднае беларусаў? Прапануй свой!

Што можна назваць сімвалам Беларусі? Зубра, трактар, Лукашэнку, а можа «Пагоню», бел-чырвона-белы ці чырвона-зялёны сцяг, беларускі арнамент?



simval_belarusi.jpg

Зараз моцнага і яскравага адзінага сімвалу, які прыняла б большасць беларусаў, няма. Гэта і вымусіла аб’яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў «Асамблея НДА» ў межах кампаніі «Зробім лепш» звярнуцца да грамадства з пытаннем «Які сімвал аб’яднае беларусаў?» і распачаць акцыю «Сімвал, які яднае краіну».
Арганізацыя пры інфармацыйнай падтрымцы «Арт Сядзібы» і «Радыё Свабода» прапануе беларусам сумесна прыдумаць і вызначыць сучасны наглядны сімвал, які стане знакам яднання беларусаў у праяўленні сваёй незалежніцкай пазіцыі, будзе прыняты шырокімі пластамі грамадства ды распаўсюджвацца арыгінальным чынам.
СМІ шмат пісалі пра факты распаўсюду на вуліцах беларускіх гарадоў расійскай сімволікі, што выклікала негатыўную рэакцыю не толькі ў палітызаваных асяродках, але і на такіх рэсурсах, як tut.by, якія маюць больш збалансаваную аўдыторыю.

razdajuc_ras_sciazki.jpg

Зараз Беларусь знаходзіцца ў складанай геапалітычнай сітуацыі. Што, ды якім чынам будзе з краінай і намі ў бліжэйшыя гады становіцца непрадказальным. Таму наглядны сімвал, які будзе яднаць краіну і беларусаў патрэбны.
Арганізатары лічаць, што чырвона-зялёны сцяг і сучасны дзяржаўны герб не ёсць і не могуць стаць такімі сімваламі. Гэтыя сімвалы не ўспрымаюцца пазітыўна вялікай часткай актыўных беларусаў і асацыююцца з канкрэтным палітычным лідарам.
Не можа пакуль стаць такім сімвалам і бел-чырвона-белы сцяг. У Беларусі ён дэ-факта забаронены, ды і пазітыўна, нажаль, ён ўспрымаецца не ўсімі пластамі насельніцтва.
Найбольш перспектыўны сімвал — «Пагоня». Гэты герб не толькі афіцыйна ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, але і выкарыстоўваецца ў сучаснай геральдыцы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і населеных пунктаў Беларусі: Віцебская вобласць, Гомельская вобласць, Магілёў, Рэчыца, Дрыса, Лепель, Смаляны ды іншыя.

spis_pahonia.jpg

Сярод іншых варыянтаў «Пагоня» успрымаецца найбольш пазітыўна як ў апазіцыйным, так і ў прадзяржаўным сектарах грамадства. З «Пагоняй» вырабляецца шмат сувеніраў, якія без перашкодаў прадаюцца на дзяржаўных святах і ў крамах.
Арганізатары кампаніі звяртаюцца да мастакоў, дызайнераў, актывістаў ды ўсіх неабыякавых беларусаў з заклікам разам вызначыць, якім павінен быць агульны сімвал Беларусі і нацыянальнага адзінства беларусаў.

szto_mozna_nazvac.jpg

Этапы акцыі «Сімвал, які яднае краіну»


1. Да канца лета на symbalby@gmail.com з пазнакаю «Сімвал краіны» дасылайце вашыя дызайны, меркаванні і прапановы — якім вы бачыце візуальны сімвал Беларусі.
Можа быць, менавіта вашая праца стане тым сімвалам, які аб’яднае беларусаў, і будзе далей шырока распаўсюджвацца ў разнайстайных формах.


2. 8 верасня, у дзень 500-годдзя Бітвы пад Воршай, сімвал Беларусі і нацыянальнага адзінства беларусаў будзе публічна прэзентаваны.
Выбар будзе адбывацца публічна на найбольш папулярных інфармацыйных рэсурсах краіны з удзелам вядомых мастакоў, дызайнераў, палітыкаў, актывістаў і лідараў грамадскай думкі Беларусі.


3. З абраным сімвалам Беларусі будуць вырабленыя харугвы (палотнішчы), якія можна будзе атрымаць у грамадскіх цэнтрах беларускіх гарадоў ці бясплатна замовіць поштай праз сайт symbal.by.


Харугву з сімвалам кожны жадаючы зможа размясціць у любым месцы: дома, на балконе, у кватэры, узяць на фестываль ці іншую імпрэзу або сфатаграфавацца з ім у знакавым месцы ды размясціць фотаздымак на сайце акцыі symbal.by, у сацыяльных сетках, на персанальных сайтах ці ў блогах з хэштэгам #symbalby.

simval_belarusi_vasz.jpg

У будучым плануецца не толькі вырабіць харугву з сімвалам краіны, але і запусціць яго самастойны шырокі распаўсюд па краіне ў розных формах, каб абраны грамадствам сімвал у хуткім часе стаў наглядным праяўленнем адзінства беларусаў у імкненні да незалежнасці і шырокай нацыянальнай свядомасці.

artsiadziba.by