Як зрабіць усім прыемна
Нашае кіраўніцтва рэдка радуе нас добрымі навінамі. Але мінулы тыдзень стаў выключэннем. Дзяржава, урэшце, занепакоілася, як зрабіць жыццё грамадзянам прасцей — і зрабіла.
А ўсяго толькі і варта было — выдаць адзін прэзідэнцкі ўказ. Такім дакументам стаўся Указ №165 ад 14 красавіка 2014 года, які ўвёў новыя нормы страхавой дзейнасці.
Па-першае, згодна з гэтым указам у Беларусі ўдвая павялічана мінімальная кампенсацыя ў выпадку ДТЗ. Зараз па дагаворах абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў павялічаны памер страхавой выплаты пры афармленні дарожна-транспартнага здарэння без выкліку супрацоўнікаў ДАІ з 200 да 400 еўра.
400 еўра — гэта адзін «сярэдні заробак па краіне». І наўрад ці аўтааматары не маюць такой сумы ў сваіх «заначках на аўто». А гэта значыць, што скароціцца праца ДАІ па выездзе на месцы ДТЗ і афармленні дакументаў. Гэта значыць, дробныя ДТЗ будуць ствараць менш праблемаў і «пробак» для іншых удзельнікаў дарожнага руху. Зараз адагнаць машыны ўбок і дамовіцца паміжсобку па-сяброўску будзе прасцей.
Прасцей стала і застрахаваць жыццё і здароўе. Права заключаць дамовы добраахвотнага страхавання жыцця з грамадзянамі Беларусі атрымалі і страхавыя арганізацыі з замежнымі інвестыцыямі. Грамадзянам адначасова прадастаўлена права ўключаць у затраты страхавыя ўзносы па добраахвотным страхаванні медыцынскіх расходаў па-за залежнасцю ад формы ўласнасці страхавой арганізацыі, з якой заключаны дагавор страхавання, і арганізацыі аховы здароўя, якая аказвае медыцынскую дапамогу. То бок зараз «медычны поліс» можна аформіць у любой кампаніі, якая такія паслугі надае, і звярнуцца з ім у любую медычную ўстанову.
Акрамя таго, пры ажыццяўленні абавязковага медыцынскага страхавання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць на тэрыторыі Беларусі, гэтым людзям прадастаўлена права выкарыстоўваць страхавы поліс замежных страхавых арганізацый без заключэння дадатковай дамовы абавязковага медыцынскага страхавання з беларускім страхоўшчыкам.
Зручна? Канешне. Зараз можна абысціся міжнародным полісам, як гэта робіцца ва ўсіх краінах свету, — без дадатковых паперак і выдаткаў.
Усяго адзін указ — а колькі карысці ён прынёс і нашым, і замежнікам, якія наведваюць альбо жывуць у Беларусі! Канешне, трэба было прывесці нашую страхавую сістэму ў адпаведнасць з сусветнай хаця б у нечым, і хаця б напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі.
Дарэчы, пра чэмпіянат. Як вядома, першыя ўражанні аб краіне чалавек атрымлівае па месцы ўезду. Прыкладам, нашыя, якія едуць у аўто альбо на цягніку ў Расію, адразу заўважаюць кантраст паміж Беларуссю і «старэйшай сястрой»: у Беларусі вёскі ўздоўж дарогаў асветленыя і ўпрыгожаныя, у Расіі — цёмныя і занядбаныя. Каб не было такога непрыемнага параўнання з боку Еўропы, Лукашэнка наведаў Нацыянальны аэрапорт «Мінск».
Там яму ўсё спадабалася. Канешне, заўважыў ён, што мадэрнізаваныя магутнасці аэрапорту пакажуць сябе толькі падчас пікавых наплываў пасажыраў, але тое, што запланавана зрабіць, павінна даць рады наплывам. Хутка мы пабачым, так яно ці не. І яшчэ Аляксандр Рыгоравіч закрануў даўно балючую праблему нашага аэрапорта — праблему будаўніцтва 2-й узлётна-пасадачнай паласы.
«Часам мы кідаемся на інвестара, які прапануе выгадныя ўмовы. Але гэтыя ўмовы нам з часам абыдуцца двайны коштам. Так, можа быць, нам самім узяцца за гэтую справу і зрабіць», — сказаў Лукашэнка.
А чаму не? Мы ж пабудавалі розныя «лядова-паркавыя палацы» ледзьве не ў кожным кутку краіны. Зараз яшчэ ў тых жа розных кутках аквапаркі будуем. Можа, хопіць займацца марнатраўствам, а зрабіць сапраўды нешта карыснае? Па словах Лукашэнкі, не трэба вынаходзіць ровар: «Людзі даўно будуюць гэтыя ўзлётна-пасадачныя палосы, у свеце іх тысячы. Так давайце возьмем добры праект, падключым аднаго пісьменнага праектанта, заплацім яму грошы, і ён будзе курыраваць гэты праект і падкажа нашым, як і што рабіць. Няўжо мы не зможам зрабіць?» — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Канешне ж, зможам. Былі б на гэта грошы, а з грашыма ўсё можна зрабіць. Падаецца, месца для лядовых палацаў у Беларусі ўжо не засталося. Зараз можна звярнуць увагу і на нешта больш карыснае.
Да таго ж, нам у чарговы раз дапаможа той самы расійскі імперыялізм. З таго, што замуціла Расія ва Украіне, чым бы гэта ні скончылася, трэба атрымліваць матэрыяльныя выгоды.
Наш міністр замежных спраў Уладзімір Макей мякка намякнуў на гэта падчас выступу перад журналістамі. Беларусь толькі выйграе ад санкцый, уведзеных ЗША і ЕС супраць Расіі, заявіў ён. «Што тычыцца санкцый супраць Расіі, я думаю, што гэта для нас можа адкрыць нейкія новыя дадатковыя нішы для прасоўвання нашай прадукцыі ў Расію», — сказаў Макей. А каментуючы сітуацыю ва Украіне, ён выказаў упэўненасць у захаванні высокага ўзроўню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.
Макей — хітры дыпламат. Ён кажа, што будзе прасоўваць беларускую прадукцыю ў Расію замест амерыканскай ці ЕСаўскай. Але гэтым разам ён нікога не падмане: усё будзе «з дакладнасцю да наадварот». Гэта мы будзем пхаць у ЗША і ЕС расійскую прадукцыю кампаній з «чорных спісаў». Зразумела, пры гэтым робячы выгляд, што гэта не расійская, а наша прадукцыя. І, канешне ж, будзем зарабляць на такім «рээкспарце».
Як піша энцыклапедыя «Вікіпедыя», ёсць наўпроставы і ўскосны рээкспарт. Просты — калі тавары з Расіі ўвозяцца ў Беларусь і потым перапраўляюцца ў іншыя краіны. А ўскосны — калі мы набываем тавар у Расіі і, не марнуючы часу, адразу ж адпраўляем яго пакупніку.
А яшчэ «Вікіпедыя» піша, што «прадметам рээкспарту могуць з’яўляцца нафта, прыродны газ, каўчук, каляровыя металы, поўсць, скура, харчовыя прадукты. Тавары могуць рээкспартавала як у нязменным выглядзе, так і пасля нязначнай апрацоўкі (напрыклад, пераўпакоўкі і сартавання), якая выключае перапрацоўку».
Ну, вы зразумелі, пра што я…