Як суд і міліцыя адрозніваюць мат ад цэнзурных слоў?

Даведніка мацюкоў ні ў міліцыянтаў, ні ў суддзяў няма, па экспертызу да спецыялістаў яны не звяртаюцца, але асудзіць могуць... на 15 сутак.



4be2c8f27b8a420492f2d44463933eb6.jpg

Даведніка мацюкоў ні ў міліцыянтаў, ні ў суддзяў няма, па экспертызу да спецыялістаў яны не звяртаюцца, але асудзіць могуць... на 15 сутак.
Вечарам 31 траўня ў Мінску міліцыянты затрымалі палітолага Аляксея Пікуліка за тое, што прафесар Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў... мацюкаўся ў грамадскім месцы!
Паводле звестак праваабаронцы Насты Лойкі, за апошнія 10 дзён за такое “дробнае хуліганства сталічныя суды адправілі на “суткі 10 апазіцыянераў.
Наста Лойка:“Маладафронтаўцаў — чацвёра, плюс — Воўчак Алег і плюс апошняя хваля тых, хто быў затрыманы перад прыездам Пуціна: Іван Амельчанка, той, што з відэа “Мусарок, Максім Вінярскі, двое нацыянал-бальшавікоў і яшчэ адзін хлопчык.
Цікава, за якія менавіта мацюкі можна атрымаць найбольш “сутак? І ці ўдакладняюць суддзі, якімі дакладна словамі лаяцца затрыманыя?
Як даведалася Еўрарадыё, міліцыянты ніколі ў пратаколе не пазначаюць, за якія словы затрымалі чалавека. А пішуць агульнымі сказамі: такога-то чысла, у такім-то месцы, у такі час такі-то ў прысутнасці такіх-то грамадзян, знаходзячыся ў грамадскім месцы, лаяўся матам ў адрас такой-то асобы. Паводле суддзі суда Маскоўскага раёна Мінска, гэтыя словы на судзе не гучаць.
Еўрарадыё:“Якімі словамі чалавек лаяўся — называюць суддзі гэтыя словы?
Суддзя:“Не.
Еўрарадыё:“А як вы ў такім разе ўдакладняеце — сапраўды ён лаяўся ці не?
Суддзя:“У рамках працэсуальна-выканаўчага заканадаўства.
Яшчэ адзін суддзя дадае: нейкія ўдакладненні суддзя робіць тады, калі лічыць гэта патрэбным.
Суддзя:“Прапісана, што суддзя павінен высветліць падчас судовага разбіральніцтва для поўнага і ўсебаковага разгляду справы. А далей: калі суддзя палічыць патрэбным — будзе ўдакладняць.
Калі абвінавачаны, сцвярджае суддзя, даводзіць, што сказанае ім — не мацюкі, але міліцыянты настойваюць на сваім, суд можа альбо па сваім жаданні, альбо па патрабаванні аднаго з бакоў прызначыць адпаведную экспертызу.
Аляксей Пікулік — не першы прафесар, якога судзяць за лаянку. Некалі за гэта ж затрымалі і аштрафавалі на 20 базавых прафесара Аляксандра Казуліна. Як распавядае экс-кандыдат ў прэзідэнты, суддзю не цікавіла не толькі тое, якімі словамі ён мацюкаўся, але і тое, што ў якасці сведак прысутнічалі не тыя міліцыянты, якія яго затрымлівалі.
Мінскі паставы сяржант скардзіцца, што часта чуе мат на вуліцы. Але караць за гэта “суткамі лічыць залішнім.
Сяржант:“Калі чую мат, спыняюся, называюся ў якасці супрацоўніка міліцыі, называю сваё прозвішча, званне і папярэджваю: перапісваю іх дадзеныя. І калі пазней да мяне падыходзяць людзі і скардзяцца, што зноў гэтыя людзі лаяцца, то ўжываю да іх меры стрымання.
Штраф можна плаціць на месцы без суда, дадае міліцыянт.
Сяржант:“У нас тут апорны пункт, дзяжурная частка, і там аплачваюцца адміністрацыйныя правапарушэнні — калі ў чалавека ёсць грошы аплаціць штраф. Калі ж няма і ён затрыманы ўвечары, то ён чакае раніцы і суда. Гэта лічыцца дробным хуліганствам, за якое ідзе штраф. На "суткі", можа, і не трэба. Выхаваўчую працу лепш правесці.
Як адрозніваць мацюкі, сяржанта міліцэйскія настаўнікі не вучылі. І спецыяльнага даведніка ў іх няма — і так добра такія словы ведаюць. Ці лаецца матам сам — міліцыянт не кажа.
Дырэктар Інстытута мовы і літаратуры Аляксандр Лукашанец прызнаецца: да іх з судоў ці міліцыі ні разу не звярталіся з просьбай правесці экспертызу — ці можна тое ці іншае слова лічыць мацюкамі. Ужыванне кароткага слова “бл* для культурнага чалавека і ў грамадскім месцы навуковец лічыць недапушчальным. Але нават і за агульнавядомыя мацюкі караць “суткамі не раіць.
Аляксандр Лукашанец:“Гэта праблема агульнай культуры і выхавання. Я не думаю, што гэта трэба вырашаць нейкімі карнымі мерамі. Шмат залежыць ад сітуацыі — і моўнай, і камунікатыўнай, дзе ўжытае тое ці іншае слова. Бо могуць быць сітуацыі, калі самае нейтральнае слова можа быць адназначна ўспрынята як зневажальнае.Зміцер Лукашук
Крыніца: http://euroradio.fm/report/yak-sud-i-militsyya-adroznivayuts-mat-ad-tsenzurnykh-slow-109162