Як Андрэй Макарэвіч пытаўся ва ўнука беларускага паэта, хто такія ліцвіны?
«У мяне сёння вялікі дзень... Я сваю родную беларускую народную музыку ўяўляў раней крыху інакш», — адзначыў расійскі музыка Андрэй Макарэвіч пасля спаткання з беларускім калектывам «Ліцвіны».
Расійскі рокер запрасіў удзельнікаў гэтага гурта ў 2002 годзе ў сваю праграму «Макарэна» на тэлеканале ОРТ. Прадставіўшы гурт гледачам, шоўмен запытаўся, а як перакладаецца слова «Ліцвіны».
«Гэта назва жыхароў Вялікага княства Літоўскага, то бок гэта сярэднявечная назва большай часткі — па тэрыторыі — беларусаў і літоўцаў», —
патлумачыў кіраўнік калектыву Уладзімір Бярбераў, унук беларускага паэта Аркадзя Куляшова.
Дзівіўся Макарэвіч і беларускай дудзе: «Да сённяшняга дня я быў упэўнены, што гэты інструмент называецца валынка, а яго радзіма ў Шатландыі. Але я так разумею, што гэта не зусім
валынка?»
Спадар Бярбераў адказаў, што беларуская дуда — гэта адзін з відаў валынкі, якую можна спаткаць у шмат якіх славянскіх народаў, а нават шырэй — па ўсёй Еўропе.
«Слухаць хачу. Ува мне мая беларуская частка загаварыла», — падзяліўся Андрэй Макарэвіч. Ён згадаў у размове Пружаны і Ружаны, з ваколіцаў якіх паходзілі ягоныя
продкі. «Ну, усё правільна — паляшук», — назваў расейскага музыку кіраўнік «Ліцвінаў».
Калі «Ліцвіны» выканалі вясельную песню, Макарэвіч прызнаўся: «Надзвычай дзівосна. Калі б мне завялі першую частку гэтай песні, я б дакладна сказаў, што гэта
шатландская народная музыка. Мне б і ў галаву не прыйшло, што гэта Беларусь... А наколькі ўсё побач ляжыць».
Іншую беларускую песню, якую спявалі на Каляды, Макарэвіч назваў сярэднявечнай рыцарскай баладай.
Не так даўно Андрэй Макарэвіч не толькі распавёў пра свае беларускія карані, але і сам заспяваў на беларускай мове. Тады ж рокер сказаў: «Давайце
адраджаць беларускую мову агульнымі сіламі. Ці хаця б захоўваць яе».
Продкі Андрэя Макарэвіча паходзілі з вёскі Паўловічы былога Пружанскага павету (цяпер Бярозаўскі раён Берасцейскай вобласці). Вядома, што ў часы Рэчы Паспалітай яны былі каралеўскімі
сялянамі, чыё становішча было лепшым, чым панскіх прыгонных. Бабуля расейскага музыкі з боку бацькі паходзіла з беларускага шляхецкага роду Усакоўскіх гербу Сас. Прадстаўнікі гэтага
роду былі грэка-каталіцкімі святарамі, што служылі ў Гайне і Плешчаніцах каля Лагойску.