Як разбурыць помнік архітэктуры?
Сучасны шматфункцыянальны будынак з паркінгам і кавярнямі можа з’явіцца на месцы старога дому № 5 на Вайсковым завулку ў Мінску. Будынак знаходзіцца ў ахоўных зонах іншых дамоў, якія маюць статус гістарычна-культурніцкай каштоўнасці, таму знасіць яго нельга паводле заканадаўства. Але патэнцыйны навабуд чыноўнікі называюць «рэканструкцыяй».
У самым будынку ўжо ніхто не жыве, але супраць выступаюць жыхары суседніх дамоў.
«Гэта ансамбль. Тры гэтыя будынкі, яны зробленыя ў адным стылі ў адным духу. І ў іх настрой ствараецца, — кажа жыхарка дому № 3 Галіна Горына. — Калі праходзіш міма, ствараецца настрой спакою і расслабленасці, бо гэта ўсё вельмі чалавечнае».
Пад петыцыяй у яго абарону падпісаліся 300 мінчукоў.
«Якім чынам гэта можна ўсё разбурыць, знішчыць і парушаць дзейную пастанову № 59 Міністэрства культуры, якое адвяло нашы дамы ў ахоўную зону і разам з тым дае дазвол на будаўніцтва нейкіх шматфункцыйных аб’ектаў?» — пытаецца Галіна Голубева, якая жыве ў гэтым ж доме.
Паводле гэтай пастановы, у межах кварталу, што ўваходзіць у зону абмежаванай забудовы, дазволеная толькі рэканструкцыя існых двухпавярховых будынкаў без павышэння паверхавасці.
Пракуратура пакуль не спяшаецца разбірацца са справаю, а Міністэрства культуры адказвае жыхарам адпіскамі. Маўляў, праект канчаткова не вынесены на разгляд.
«Мінкульт мусіць даць дакладны адказ пра тое, што адбываецца з гэтым будынкам, але ён гэта робіць вельмі расплывіста. А камітэт архітэктуры мусіць прыпыніць парушаць заканадаўства ды прытрымлівацца ўсіх нарматыўных актаў, а не тых, якія яму выгодныя», — кажа Дзяніс Кобрусеў з кампаніі «Горад для гараджанаў».
Паводле Кобрусева, забудоўнік можа пачаць гэтак званую рэканструкцыю ў любы момант.
«Сёння кватэры — у руках аднаго ўладальніка. І там ніхто не жыве. То бок вельмі хутка можна прыгнаць бульдозер ды пачаць руйнаваць, і не трэба ніякага часу для судовых пасяджэнняў, высялення жыхароў. Вельмі мала часу застаецца на мабілізацыю грамадскасці. Існуе небяспека, што ўсё можа вырашыцца ў неправавым рэчышчы», – дадае Кобрусеў.
Раней грамадскасці ўдалося хаця б часткова ўратаваць Асмалоўку, Котаўку, Паўночны пасёлак.
Гэта дае надзею, што ўдасца захаваць і забудову на Вайсковым завулку.
Міхась Ільін, Белсат