Як даказаць, што ты не дармаед, калі жывеш за мяжой?
Пад
канец года беларусы пачалі думаць, што з рабіць з "лістамі шчасця" ад
падатковай інспекцыі.
Самая папулярная парада ў сацсетках гучыць вельмі па-беларуску: не трэба рабіць нічога. "Ты ж афіцыйна з'ехала. Чаму ты мусіш рабіць працу падатковай?!" — звяртаецца сяброўка да дзяўчыны, якая атрымала квітанцыю на выплаты "дармаедскага" збору, хаця ўжо некалькі гадоў жыве ў Паўднёвай Карэі.
"Гэта ваш выбар: несці нам дакументы ці не. Але калі мы не атрымаем аплату ці дакументы на ільготу, матэрыялы будуць накіраваныя ў суд. А ў судзе вам у любым выпадку трэба будзе паказаць гэтыя дакументы", — катэгарычна адказваюць у падатковай.
Усе звесткі пра беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, памежнікі ўносяць у адмысловую базу. "Памятаеце, як мы адмянілі штампы ў пашпартах? Некалькі гадоў таму неабходнасць у іх адпала, бо была створаная сістэма аўтаматызаванага памежнага кантролю, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка. — Там фіксуецца кожнае перасячэнне мяжы грамадзянінам Беларусі. Ды і замежнікамі таксама".
Замежнікі нас цяпер не цікавяць. Нас цікавіць, чаму беларусы, якія афіцыйна з'ехалі з краіны, мусяць даказваць падатковай, што яны не вярблюды, калі ўсе патрэбныя звесткі пра іх у дзяржавы і так ужо ёсць? Тым больш, што чыноўнікі публічна заяўляюць пра вялікую працу, якую зрабілі, складаючы базу "дармаедаў":
"Самым важным для нас было забяспечыць якасны ўлік плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, — кажа ў эфіры тэлеканала АНТ намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. — Праца няпростая, але ўсе пытанні вырашальныя, калі належным чынам да іх ставіцца. У фармаванні базы са звесткамі бралі ўдзел больш за 27 дзяржаўных органаў, больш за 82 тысячы арганізацый".
Мяркуючы па тым, што беларусы, якія жывуць за мяжой, масава атрымліваюць "лісты шчасця", супрацоўніцтва з памежнікамі ў падатковай не склалася. Аляксандр Цішчанка гэта пацвярджае: доступ да асабістых звестак, якія захоўваюцца ў базе памежнікаў, падатковая атрымлівае толькі ў выключных выпадках: "Грамадзянін, калі ў яго ўзнікае праблема, можа сам зрабіць запыт і атрымаць звесткі пра сябе. І так даказаць падатковай, што ён недзе адсутнічаў. А падатковая можа атрымаць гэтыя звесткі толькі ў межах пэўнай вытворчасці ў дачыненні да фізічнай ці юрыдычнай асобы".
Што ў выніку рабіць прадстаўнікам беларускіх дыяспар, якія атрымалі квіткі на выплату "дармаедскага" збору? Па-першае, яны ці іх сваякі могуць патэлефанаваць у даведку Міністэрства па падатках і зборах па кароткім нумары 189. Там вам патлумачаць, што дакументы, каб не быць дармаедам, патрабуюцца нескладаныя. Калі вы працавалі — працоўная дамова, кантракт ці ліст/даведка ад працадаўцы. Калі не — хопіць нават ксеракопіі старонак у пашпарце, дзе бачныя пячаткі аб перасячэнні мяжы.
"Несці дакументы трэба ў падатковую інспекцыю, адкуль вам прыйшло паведамленне, у аддзел фізічных асобаў. Можаце па пошце даслаць, толькі заказным лістом — на ўсялякі выпадак, каб не згубілася. А можна і па электроннай пошце даслаць", — пералічваюць варыянты ў падатковай.
Што праўда, каб даведацца e-mail сваёй падатковай, туды давядзецца патэлефанаваць. Ці яшчэ адзін варыянт — адправіць электронны зварот праз форму на сайце. Людзі, якія ўжо даказалі ў падатковай, што яны не дармаеды, кажуць, што натарыяльна завяраць копіі старонак не трэба. Перакладаць надпісы на пячатках — таксама. euroradio.fm