Іранскім студэнтам забаранілі вучыцца ў Беларусі на медыкаў
Міністэрства аховы здароўя Ірану забараніла іранскім студэнтам атрымліваць адукацыю па медыцынскіх спецыяльнасцях у Беларусі ад 1 жніўня гэтага года.
Як паведамляе іранскае выданне Financial Tribune, прычынай гэтага рашэння стала неабходнасць вучыцца на платных падрыхтоўчых курсах, якія не даюць гарантыі паступлення.
Пакуль што Мінздароўя Ірану прыпыніла акрэдытацыю сертыфікатаў студэнтаў, якія працягнуць навучанне ў Беларусі. Выданне піша, што за апошні год вялікая колькасць іранскіх студэнтаў накіравалася ў нашу краіну, каб працягнуць вышэйшую адукацыю па медспецыяльнасцях, але яны не змаглі паступіць ва ўніверсітэт і іх будучыня пад сумневам.
Каб паступіць у Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, замежныя студэнты павінныя спачатку адвучыцца на платных падрыхтоўчых курсах. Пры гэтым квота для далейшага навучання замежных студэнтаў — 200 месцаў, і сотні іранцаў чакаюць магчымасці вучыцца па ўніверсітэцкай праграме. Цяперашняя забарона не будзе тычыцца тых, хто ўжо скончыў падрыхтоўчыя курсы.
Паводле выдання, заклапочаныя бацькі штодня прыходзяць ў Міністэрства аховы здароўя Ірану і ў амбасаду Беларусі ў Тэгеране: на сёння ў Беларусі навучаецца каля 1600 іранскіх студэнтаў, а каля 400 ўжо атрымалі дыпломы па розных спецыяльнасцях.
euroradio.by