Index on Censorship: Рэжым можа кантраляваць практычна ўсе дзеянні жыхароў Беларусі ў інтэрнэце

Арганізацыя "Індэкс цэнзуры" абнародавала аналітычны даклад "Беларусь: Сеціва пад кантролем", прысвечаны метадам кантролю беларускімі ўладамі інтэрнэт-прасторы краіны і абмежавання свабоды выказвання анлайн.



index.jpg

“У якасці адказу на рост карыстання інтэрнэтам улады Беларусі выкарыстоўваюць “правераныя" метады: рэпрэсіўнае медыя-заканадаўства, артыкулы Крымінальнага кодэксу пра дыфамацыю, адміністратыўны пераслед актывістаў і журналістаў. Акрамя гэтых “традыцыйных" метадаў, выкарыстоўваюцца і іншыя — фільтрацыя кантэнту, тэхналогіі сачэння і блакавання доступу да незалежных сайтаў, асабліва ў ключавыя моманты важных палітычных кампаній, такіх як прэзідэнцкія выбары.

 

Больш за тое — аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі прымяняе і новыя падыходы, каб задушыць свабоду выказвання... Да іх належаць прымяненне новых тэхналогій, такіх як DDoS-атакі, хакерскія напады на незалежныя сайты і маніпуляцыя кантэнтам", — гаворыцца ў прэс-рэлізе, распаўсюджаным арганізацыяй 4 студзеня.

 

«Улады Беларусі істотна пашырылі свой кантроль над сферай лічбавай камунікацыі грамадзян краіны. Няшмат хто ўсведамляе, што сёння рэжым мае магчымасць кантраляваць практычна ўсе дзеянні жыхароў Беларусі ў інтэрнэце..." —  заявіў супрацоўнік «Індэкса цэнзуры» па Беларусі і рэгіёне АБСЕ Андрэй Аляксандраў.

 

У дакладзе ёсць практычныя рэкамендацыі, якія, па меркаванні “Індэксу цэнзуры", дазволяць уладам Беларусі выканаць узятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне свабоды выказвання і правоў чалавека.

 

Акрамя таго, у дакладзе ёсць рэкамендацыі міжнародным арганізацыям і структурам, такім як Еўракамісія, Еўрапарламент, АБСЕ, Савет Еўропы, а таксама нацыянальным урадам еўрапейскіх краін, якія маюць кантакт з беларускімі ўладамі.

 

«Мы заклікаем улады Беларусі спыніць спробы татальнага кантролю над анлайн-актыўнасцю грамадзян краіны, — адзначыў кіраўнік аддзелу адвокасі «Індэкса цэнзуры» Майкл Харыс. — Мы таксама заклікаем да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і забеспячэння свабоды слова ў краіне. Еўразвяз павінен зрабіць захады, што перашкаджаюць экспарту ў такія краіны, як Беларусь, абсталявання і тэхналогій, што дазваляюць сачыць у інтэрнэце».


Цалкам даклад на рускай мове

Index on Censorship («Індэкс цэнзуры») — міжнародная арганізацыя са штаб-кватэрай у Лондане, мэтай якой з’яўляецца падтрымка свабоды выказвання. Шляхам правядзення кампаній і публікацый Index on Censorship кідае выклік усяму, што пагражае свабодзе выказвання, і прадастаўляе слова журналістам, пісьменнікам і актывістам, чыя свабода слова была парушана. На працягу некалькіх апошніх гадоў Index on Censorship актыўна займаецца сітуацыяй у Беларусі.
 

 

 Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", паводле прэс-рэлізу Index on Censorship