«Іх сабаку Фелікса пакуль забралі суседзі». Як суседзі дапамаглі Сяргею «Хлопотное дельце» і яго маці

У чацвер, 22 красавіка, у Мінску затрымалі Сяргея «Хлопотное дельце» Міронава і яго маму Святлану. На наступны дзень маладога чалавека асудзілі на 30 сутак, справу Святланы адправілі на дапрацоўку. Сёння стала вядома, што жанчына таксама правядзе за кратамі 30 сутак.

sergey_video_mvd.jpg

Сяргей і мама жывуць ўдваіх і даглядаюць сабаку-дварняжку Фелікса. Іх дом знаходзіцца ў мінскім мікрараёне Малінаўка. Недалёка ад вышынных дамоў іх і затрымалі. На маму і сына склалі пратаколы паводле двух артыкулаў КаАП — 24.23 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») і 24.3 («Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні»).

Сына асудзілі 23 красавіка, пратакол мамы адправілі на дапрацоўку. У нядзелю, праз 72 гадзіны, Святлана не выйшла. Аказалася, яе асудзілі ў панядзелак, піша TUT.BY.

— У лік затрыманых Святлана трапіла выпадкова. У маршы яна не ўдзельнічала, проста ў той вечар знаходзілася побач, — распавядае Максім, адзін з жыхароў Малінаўкі.

Святлане 61 год. Да гэтага яе арыштоўвалі ўжо двойчы. Адзін раз на 15 сутак, другі на 12. Сяргей да красавіка апынаўся за кратамі толькі аднойчы: у кастрычніку 2020-га ён атрымаў 15 сутак. Тады ж дзякуючы відэароліку міліцыі хлопец і стаў героем жартаў і мемаў.

— З Сяргеем і яго мамай мы пазнаёміліся падчас дваровых чаяванняў, — распавядае Максім. — Нягледзячы на тое, што Сяргей быў мясцовай знакамітасцю, яны заўсёды стараліся заставацца незаўважанымі. Аднак калі ў кампаніі аказваліся новыя людзі, пачуўшы, што за сталом ёсць «Хлопотное дельце», адразу ж даставалі тэлефоны і прасілі яго з імі сфатаграфавацца.

feliks_pes_mironov.jpg

Паводле слоў суразмоўцы, калі маму і сына затрымалі, першае, аб чым падумалі іх суседзі па мікрараёне, — гэта Фелікс. Сабака заставаўся дома адзін.

— Ключоў ад іх кватэры сям'я нікому з нас не пакідала, але паколькі быў вечар, сабаку, як мы зразумелі, да затрымання выгуляць паспелі. Мы спадзяваліся, што да раніцы Святлану адпусцяць і сабака зноў будзе пад наглядам, — вяртаецца да тых падзей Максім. — У выніку Святлана не выйшла, але ў чаце з'явілася інфармацыя, што ў суседзяў Сяргея і яго мамы ключы ад іх кватэры ўсё ж такі ёсць. Яны і забралі Фелікса, цяпер сабака жыве ў іх. Мы плануем яго адведаць, даведацца, ці патрэбная дапамога.

Акрамя сабакі ёсць яшчэ адно важнае пытанне — перадачы. Раней, калі Сяргея і Святлану арыштоўвалі, жыхары мікрараёна іх таксама падтрымлівалі. Але тады было прасцей: бо хтосьці адзін з сям'і заставаўся на волі.

— Наколькі мне вядома, валанцёры ў курсе, што Сяргею і Святлане няма каму прынесці перадачы. Сказалі, збяруць усё неабходнае і аднясуць, — кажа Максім. — А далей мы падключымся. Магчыма, суседзі дазволяць узяць з кватэры патрэбнае адзенне і лекі для Святланы.

У апошні раз, кажа Максім, калі Святлана вярнулася з сутак, жыхары мікрараёна сустракалі яе з кветкамі. Як будзе ў гэты раз, суразмоўца не ведае. Мама з сынам павінны выйсці ў канцы траўня.

Нагадаем, усяго 22 красавіка ў Малінаўцы затрымалі 30 чалавек. Як паведаміла прэс-служба мінскай міліцыі, каля 22 гадзін ім сталі паступаць скаргі, што «група грамадзян у раёне праспекта Любімава парушае грамадскі парадак».

Пасля прыбыцця супрацоўнікі міліцыі ўбачылі грамадзян, якія гучна выкрыквалі розныя лозунгі і былі пазначаныя незарэгістраванай сімволікай. Для высвятлення ўсіх абставінаў 30 чалавек былі дастаўленыя ў тэрытарыяльныя РУУС. У ходзе разбору ўстаноўлена, што многія з затрыманых раней неаднаразова прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, — заявілі ў МУС.

Большасці затрыманых тады далі «суткі».