Гуманітарны груз «Салідарнасці» для беларускіх страйкоўцаў вернуты ў Польшчу

Грузавік з 20-цю тонамі харчоў для беларускіх рабочых, якія бастуюць у знак пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку праваахоўных органаў, вярнуўся з беларускага пункту пропуска Бераставіца на польскі пункт Баброўнікі.



ПФота www.polsatnews.pl

ПФота www.polsatnews.pl

Пра гэта паведаміў старшыня падляшскай рэгіянальнай камісіі прафсаюза «Салідарнасць» Ёзэф Мазалеўскі «Радыё Рацыя»:

— Не далі ніякіх папераў, толькі сказалі, што не пусцяць — і ўсё. Фура стаіць на мяжы, патрэбныя паперы, бо беларускі бок паздымаў пломбы, таму трэба пачаць працэдуру вяртання тавару.

Ён таксама пракаментаваў выклік у польскае міністэрства замежных спраў беларускага амбасадара Уладзіміра Чушава, у тым ліку і ў справе гуманітарнага грузу «Салідарнасці»:

— Калі амбасадар мацнейшы за Лукашэнку, то можа вырашыць, але мяркую, што не. Рашэнне прымаў Лукашэнка, а не амбасадар, гэта здзек. Ёсць так, як ёсць.



Нагадаем, пробная партыя гуманітарнай дапамогі ад прафсаюза «Салідарнасць» яшчэ пазаўчора, 26 жніўня, каля 20-й гадзіны вечара заехала на памежны пункт пропуску Баброўнікі, потым пераехала на беларускі бок мяжы, але гуманітарны груз беларускі бок не прапусціў.

Паводле www.racyja.com