Гуд бай, кастрычнік!

Краіна адзначыла чарговыя ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі. На жаль пераносу працоўнай пятніцы, 8 лістапада, на нейкую суботу, не адбылося. Таму чатыры дні выходных атрымаліся толькі ў тых, чыё кіраўніцтва асабіста вырашыла даць сваім працаўнікам адпачыць.



50820979_lenin.jpg

Аляксандр Лукашэнка традыцыйна павіншаваў народ са святам напярэдадні, — бо яму, пасля знясільваючай працы ў Туркменістане, таксама адпачыць хацелася. «Амаль стагоддзе аддзяляе нас ад гэтай даты. Але і сёння Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая адбылася пад знакам гуманістычных каштоўнасцей і дэмакратычных свабод, не страчвае свайго значэння як знамянальная падзея сусветнай гісторыі», — адзначыў у віншаванні Аляксандр Рыгоравіч.

Па ягоных словах, «бясплатныя адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, васьмігадзінны рабочы дзень, ліквідацыя саслоўных прывілей, свабода веравызнання і роўнасць грамадзянскіх правоў жанчын і мужчын — гэтыя і іншыя даброты, якія здаюцца нам натуральнымі і неад’емнымі, з’яўляюцца заваёвамі таго часу».

Наконт такіх заваёваў, як бясплатная медыцына і адукацыя, можна толькі пакпіць. Казаць такія рэчы ў той час, калі больш за палову студэнтаў вучацца ў ВНУ на платных аддзяленнях, у школах і дзіцячых садках рэгулярна збіраюць грошы «на рамонты», а нашы любімыя дэпутаты ўсур’ёз прапануюць зрабіць платны ўваход у паліклінікі — гэта значыць адарвацца ад рэальнага жыцця і існаваць у паралельнай рэальнасці, як у фільме «Гуд бай, Ленін».

«Дасягненні, якімі ганарыцца незалежная Беларусь сёння: моцная народная ўлада, што абапіраецца на сістэму Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, сацыяльна арыентаваная эканоміка, высокаразвітыя адукацыя, навука і культура — у многім заснаваныя на патэнцыяле, набытым у БССР», — гаворыцца ў віншаванні.

«Высокаразвітая навука», тым часам, пад’ягорыла «сацыяльна арыентаваную эканоміку». Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Гарэгін Вардэванян напісаў у кастрычніцкім нумары «банкаўскага весніка», які выдае Нацбанк, што дэвальвацыя 2011 года была фактычна грабяжом народа. «Сцвярджэнне, якое часта сустракаецца зараз у СМІ, аб вычарпанні эфекту дэвальвацыі беларускага рубля, якая адбылася ў 2011 годзе, не адпавядае рэчаіснасці, паколькі дадзенага эфекту практычна не было ад пачатку», — піша Вардэванян.

Чаму ж не было? Ды проста таму, тлумачыць Вардэванян, што «амаль 70% прыросту экспарту ў 2011 годзе прыпадала на долю мінеральна-сыравінных тавараў, цэны на якія фармуюцца на сусветным рынку і, як правіла, на іх не ўплываюць змянення абменнага курсу нацыянальнай валюты».

Так што, робячы высновы з меркавання спецыяліста НАН РБ, «сацыяльна арыентаваная эканоміка» проста крыху абрабавала «народзец», які бегаў па абменніках. І нічога больш.

Ён таксама папярэджвае, што дэвальвацыя, у неабходнасці якой перакананыя, здаецца, зараз усе, прынясе толькі інфляцыю і шалёны попыт на валюту.

Высокае дасягненне ідэалаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, інтэрнацыяналізм і братэрства народаў, канчаткова сышлі ў нябыт. На фоне калійнай вайны паміж партнёрамі па Саюзнай дзяржаве, Расія на чвэрць у параўнанні з вераснем і амаль удвая ў параўнанні з жніўнем 2013 года скараціла бягучыя пастаўкі нафты ў Беларусь.

Па дадзеных Цэнтральнага дыспетчарскага кіравання ТЭК РФ, у кастрычніку Расія паставіла ў Беларусь 1,115 мільёна тон нафты, што на 26,8% і 40% менш чым адпаведна ў верасні (1,521 мільёна тон) і жніўні (1,85 мільёна тон).

Зніжэнне паставак нафты ў Беларусь пачалося ў верасні пасля адпаведнага папярэджання з боку віцэ-прэм’ера РФ Аркадзя Дварковіча ў адказ на арышт у Мінску гендырэктара Уралкалія Уладзіслава Баўмгертнера і спробу беларускіх уладаў абвясціць у міжнародны вышук топ-менеджараў і заснавальніка расійскай кампаніі.

У кастрычніку на Мазырскі НПЗ было пастаўлена 587,6 тысячы тон нафты (у тым ліку 65,8 тысячы тон па чыгунцы), на «Нафтан» (Наваполацкі НПЗ) — 527,7 тысячы тон.

Яшчэ адзін кастрычніцкі паказчык сацыяльна арыентаванай эканомікі палягае ў тым, што золатавалютныя рэзервы Рэспублікі Беларусь скараціліся ў кастрычніку на 574,6 мільёна долараў і на 1 лістапада склалі толькі 6813,1 мільёна долараў ЗША. То бок, мы значна «ўлезлі» ў ЗВР, парушыўшы «планку неабходнасці» ў 8 мільярдаў долараў.

Такое істотнае зніжэнне, спрабуе апраўдацца Нацбанк, абумоўлена попытам на валюту з боку насельніцтва, а таксама плацяжамі па вонкавым абавязку: на пагашэнне і абслугоўванне крэдыту МВФ было выдаткавана 267,6 мільёна долараў, і яшчэ 100 мільёна долараў выплачана Ашчадбанку РФ па крэдыце «Беларуськалію».

У той час, калі золатавалютныя рэзервы скарачаюцца, і перайшлі гранічную рысу, беларуская ўлада ўсё ж працягвае друкаваць «фанцікі» ў выглядзе беларускіх рублёў. Урад і Нацбанк Беларусі сваёй пастановай № 949/16 ад 31 кастрычніка распарадзіліся да канца года ажыццявіць крэдытаванне вёскі на суму 7,552 трыльёна рублёў. Згодна з дакументам, тры банкі — Банк развіцця, Белаграпрамбанк і Беларусбанк — выдадуць крэдыты на суму 3,762 трыльёна рублёў для фінансавання 10 дзяржаўных праграмаў аграпрамысловага комплексу.

Акрамя таго, сельгаспрадпрыемствы атрымаюць 1,303 трыльёна рублёў для разлікаў за прадукцыю раслінаводства, якая пастаўляецца для дзяржаўных патрэб, 1,039 трыльёна рублёў — на закупку гаруча-змазачных матэрыялаў і мінеральных угнаенняў. На фінансаванне жыллёвага будаўніцтва на вёсцы будзе накіравана 1,447 трыльёна рублёў.

Карацей, не па сродках жывем, і праядаем тое, што яшчэ засталося. Не дзіва, што моладзь так жыць не хоча. Гадавіну Вялікага кастрычніка мінскія актывісты БХД адзначылі па-свойму. Яны здалі ў пункт прыёму другаснай сыравіны кнігі марксісцка-ленінскай ідэалогіі: зацёртыя тамы «Истории КПСС» і іншыя выданні па засмечванні мазгоў савецкага чалавека.

Прыёмшчыца ў пункце прыёму макулатуры адзначыла, што такой літаратуры здаецца не так многа. «Астатняе даўно выкінута», — адказалі ўдзельнікі акцыі.