Хто спыніў чыноўніка: у Горках хацелі павесіць памятны знак Пятру І — і не сталі
У Горках Магілёўскай вобласці чыноўнікі планавалі адкрыць памятную дошку ў гонар расійскага імператара Пятра I. Але перадумалі, піша «Еўрарадыё».
Цяпер і ў райвыканкаме, і вышэй, у
адміністрацыі Магілёўскай вобласці, свае намеры адмаўляюць. А нататку з
праграмай мерапрыемства, апублікаваную на сайце мясцовай раёнкі, называюць
дэзынфармацыяй.
Чаму чыноўнікі перадумалі? Пётр Аляксеевіч наведаў горад падчас Паўночнай вайны і прабыў там з 9 ліпеня да 16 жніўня 1708 года. Горкі ад яго войскаў не пацярпелі, таму, на першы погляд, задума з адкрыццём шыльды ў яго гонар выглядае не так і дрэнна. Але калі ведаць, што Магілёў і Віцебск Пётр I падчас той вайны спаліў дашчэнту, а ў Полацку пятроўскія жаўнеры забілі манахаў і ўзарвалі Сафійскі сабор…
Перагулялі
Адкрываць помнік Пятру I мусілі 22 чэрвеня ў 10:45. Памятная дошка павінна была з’явіцца ў самым цэнтры Горак на доме 20 па вуліцы Якубава.
У рэдакцыі раённай газеты “Горецкий вестник”, на сайце якой www.gorkiv.by з’явілася інфармацыя пра шыльду, Еўрарадыё пацвердзілі, што ўрачыстасць сапраўды была ў выканкамаўскіх планах. Маўляў, не з галавы ж мы ўзялі праграму святаў!
— З праграмы яны [чыноўнікі райвыканкама. — Еўрарадыё] прыбралі гэты пункт, — канстатуе намесніца галоўнага рэдактара “Горецкого вестника” Галіна Кажэўнікава. — Таму на Дзень горада ў праграме гэтага пункта ўжо няма.
— Але першапачаткова планавалі адкрыццё?
— Ну… так. Але перагулялі там, і змены адбыліся ў праграме.
Але галоўная рэдактар www.gorkiv.by Вольга Кімель крыху пазней распавядае Еўрарадыё, што ніякага адкрыцця памятнага знака ў Горках і не планавалася. Растлумачыць, адкуль на сайце яе газеты з’явіўся радок “10.45 — урачыстае адкрыццё памятнага знака аб знаходжанні ў Горках”, яна не можа.
“Па ўсіх аргмомантах звяртайцеся, калі ласка, у райвыканкам, — кажа Вольга Кімель. — Тое, што нам даюць, тое мы і публікуем. Мы друкаваны орган мясцовай улады”.
Дэзынфармацыя
Але ў выканкаме дошку ў гонар Пятра І называюць выдумкай і дэзынфармацыяй.
“Адкуль гэта выдумалі, увогуле незразумела, — распавядае Еўрарадыё намесніца старшыні Горацкага райвыканкама Ларыса Крывіцкая. — Шчыра незразумела, адкуль выраслі ногі ў гэтых чутак. Ніякай мемарыяльнай дошкі не было ў праекце і не будзе. Гэта дэзынфармацыя. Каб устанавіць мемарыяльную дошку, трэба прайсці шэраг інстанцый”.
Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, які курыруе пытанні сацыяльнай сферы і ідэалагічную работу, таксама адмаўляе намеры ўшаноўваць памяць Пятра I:
Выратавалі Горкі ад Пятра
Рэдактар незалежнага партала Horki.info Галіна Будная распавяла Еўрарадыё, што, убачыўшы ў праграме мерапрыемстваў радок пра адкрыццё памятнага знака ў гонар Пятра I, жахнулася.
“Як журналісты, мы пачалі меры прымаць. Думаю, што шуміха вакол гэтай тэмы мела сэнс. І калектыўна нам удалося адстаяць горад ад другога нашэсця Пятра І, — кажа Галіна. — Але яны [чыноўнікі. — Еўрарадыё] не прызнаюць, што давялося адмяніць. Я ўзрадавалася, што прыбралі з праграмы”.
Ідэя неяк зафіксаваць факт знаходжання Пятра І у Горках з’явілася яшчэ ў 2015 годзе. Былы выкладчык Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Сенцюроў звярнуўся з такой прапановай да чыноўнікаў і СМІ. Маўляў, менавіта ў Горках імператар рыхтаваўся даць бітву шведам. Але тыя пайшлі іншымі шляхамі, і вырашальная бітва з войскамі Карла ХІІ адбылася пад Палтавай.
Дырэктар Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея Святлана Макеева тады адказала Сенцюрову, што падстаў для таго, каб у Горках з’явіўся памятны знак у гонар Пятра І, няма.