Хронікі рэпрэсій. «Люстэрка» (экс-TUT.BY) прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем»

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1_1.webp

Праект «Люстэрка» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем», адпаведнае рашэнне прынята МУС 17 снежня. Паводле ведамства, стаўленне да медыя маюць такія вядомыя асобы, як Кацярына Пытлева і Арцём Шрайбман.

* * *

Таксама адбылося чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго ўключылі:

  • старонку ў Instagram «belarus_tbilisi_krakov»
  • старонкі ў Facebook «Sweda Ales» і «Ігар Маслоўскі»
  • старонку ва «Укантакце» «Игорь Масловский»
  • старонкі ў Twitter «зефірык» і «Кузьма Рыжы»
  • старонку ў TikTok «kukuha98»

* * *

Мінскаму хірургу з 17-гадовым стажам пагражае велізарны тэрмін за «ўдзел у пратэстах». Лілія Качан знікла з усіх сацсетак пасля 16 кастрычніка 2024 года, калі быў апублікаваны яе апошні допіс з фотаздымкамі. Пасля гэтага жанчына не з'яўлялася анлайн, быў выдалены і яе тэлеграм-акаўнт. 27 снежня 2024 года яе пачынаюць судзіць у Мінскім гарадскім судзе. Абвінавачванні — «удзел у пратэстах» (ч.1 арт. 342 КК) і «заклікі да санкцый або іншых захадаў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Ёй пагражае да дванаццаці гадоў калоніі са штрафам.

Ліліі Качан 41 год, яна з Мінска. Скончыла БДМУ ў 2007 годзе. У 2012 Качан скончыла ардынатуру па спецыяльнасці «хірургія». Працавала ў 10-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску, а таксама ў «Нардзіне». Мае больш за 17 гадоў стажу як лекар.

* * *

Супраць блогера Вадзіма Ермашука (Vadimati) закрылі справу аб абразе праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай. Пра гэта ён расказаў у сторыс. 

«Добрая навіна. Мой следчы, участковы, я так разумею, які раскрываў справу па Бондаравай, што я яе абразіў. Закрываюць справу за недахопам доказаў, таму што там няма яе прозвішча і імя», — кажа блогер.

У 2021 годзе суд прызначыў гродзенскаму блогеру Вадзіму Ермашуку (Vadimati) 3 гады калоніі па абвінавачванні ў абразе Лукашэнкі і здзеку над дзяржсімволікай. Блогер выйшаў на волю 29 чэрвеня 2024 года. У жніўні Ермашук заявіў аб выяўленай у яго анкалогіі. 27 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў яго старонку ў Instagram «экстрэмісцкай».

У пачатку снежня Вадзім Ермашук з'ехаў з Беларусі і знаходзіцца ў бяспецы.

* * *

У Віцебску пачаўся суд над лекарам, якога моцна збілі пры затрыманні. Аляксандра Рандарэнку і Дзяніса Саўчанку затрымалі ў красавіку — падчас анлайн-стрыму з правакатарам яны сказалі, што «святкуюць» тэракт у «Крокус Сіці холе». Праз некалькі дзён сяброў асудзілі за «прапаганду нацызму». Для Саўчанкі гэтым адміністрацыйным судом усё і скончылася.

Аляксандру Рандарэнку прызначылі мінімум 75 сутак арышту. Пры гэтым некаторыя суткі яму далі проста за наяўнасць украінскага вымпела на стале і выкрык «Слава Украіне» падчас трансляцыі ў чат-рулетцы. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Рандарэнкі пачалі крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму» і «распальванне варожасці».

Судзіць яго пачалі 17 снежня ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме, суддзя — Яўген Буруноў.

* * *

У Мінскім гарадскім судзе 17 снежня разглядаюць крымінальную справу супраць Алены Марозавай паводле 3 крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый).

Працэс вядзе суддзя Тацяна Фалькоўская. Раней яна вынесла як мінімум 19 палітычна матываваных прысудаў. Папярэднія судовыя пасяджэнні супраць Алены Марозавай адбыліся 10 і 11 снежня.