Хронікі рэпрэсій, 18 снежня. Украінца і двух беларусаў прыгаварылі да тэрмінаў ад 11 да 25 гадоў па справе аб «баявых ячэйках СБУ»
Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
Амбасада Японіі пацвердзіла затрыманне другога японца ў Беларусі
Пра гэта паведамляе Reform.mews са спасылкай на The Asahi Shimbun.
Як піша японскае выданне, амбасада звярнулася за пацверджаннем інфармацыі ў МЗС Беларусі. 16 снежня ведамства апавясціла амбасаду аб затрыманні грамадзяніна Японіі.
4 снежня пасольства Японіі ў Беларусі апублікавала папярэджанне для сваіх грамадзян аб фота- і відэаздымках у нашай краіне.
Нагадаем, паводле інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, раніцай 1 снежня на станцыі «Калінкавічы Заходнія» машыніст заўважыў чалавека, які здымае пуцеправод. Работнікі ваенізаванай аховы сумесна з супрацоўнікамі РАУС затрымалі мужчыну — грамадзяніна Японіі. У красавіку ў Беларусі за «агентурную дзейнасць» затрымалі іншага грамадзяніна Японіі — выкладчыка Масатосі Наканісі.
У Хоцімску да адміністрацыйнай адказнасці па палітычных артыкулах прыцягнута 24 чалавекі, а пратаколы яшчэ па двух мясцовых жыхарах былі накіраваны ў суд
Пра гэта паведамілі праваабаронцы MAYDAY.TEAM, са спасылкай на намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку Хоцімскага РАУС Яўгена Хучава.
Міліцэйскі начальнік удакладніў, што пратаколы складзеныя як на асоб працаздольнага ўзросту, так і на пажылых грамадзян. Ён таксама адзначыў, што самымі распаўсюджанымі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» на Хоцімшчыне сталі відэафайлы з лагатыпамі «TUT.ВY», «Белсат», відэа на старонках суполак «Радыё Свабода», «Stop Luka», «Nexta».
Таксама работнікі мясцовай міліцыі маніторылі старонкі мясцовых жыхароў у «Аднакласніках» і «Укантакце».
Хоцімск — райцэнтр у Магілёўскай вобласці. У ім жыве каля 6 тысяч чалавек.
У Мёрах за «экстрэмізм» будуць судзіць, верагодна, работніцу выканкаму
На чацвер, 19 снежня, у мясцовым судзе прызначанае пасяджэнне па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненні да Святланы Георгіеўны Чарняўскай.
Поўная цёзка жанчыны працуе ў райвыканкаме ў якасці галоўнай спецыялісткі аддзела эканомікі, піша тэлеграм-канал @vitebsk_info.
У Мінску за «абразу Лукашэнкі» судзяць брата палітвязня. Яго затрымалі па вяртанні ў Беларусь
У судзе Мінскага раёна 18 снежня распачаўся суд над Віктарам Тарасевічам — братам палітвязня Міхаіла Тарасевіча, якога асудзілі да 6 гадоў калоніі. Віктара абвінавачваюць паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Справу разглядае суддзя Кацярына Новікава.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», Віктару 49 гадоў. Род яго заняткаў невядомы. Вядома толькі, што некаторы час працаваў кіроўцам. Апошняя публікацыя ў сацсетках Віктара — кранальны ліст ад брата, у якім той гаруе па нядаўна памерлай маці. Да гэтага мужчына публікаваў гісторыі са сваёй вандроўкі ў Польшчу, гэта было каля месяца таму.
Палітвязня Елісея Кузняцова пачалі судзіць у трэці раз
21-гадовага хлопца ўжо двойчы судзілі. У 2020 годзе яго асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» паводле двух артыкулаў Крымінальнага годэкса. Пазней за «парушэнні» яму замянілі пакаранне на пазбаўленне волі. 17 снежня 2022 года Елісей цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю з наваполацкай калоніі № 1.
23 траўня 2023 года стала вядома, што Елісея зноў паказальна заключылі пад варту ў Высокаўскім аграрным каледжы. У жніўні 2023 года яго асудзілі да 2,5 годоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за тры сарваных дзяржаўных сцяга. Палітвязень адбывае тэрмін у барысаўскай калоніі № 14.
Цяпер Елісея абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суд над ім распачаўся ў Барысаве 18 снежня. Справу вядзе суддзя Людміла Зінкевіч.
Палітвязня Мікалая Машарскага збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
Мікалая абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «неаднаразовым парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў» (арт. 342-2 КК). Суддзя Уладзімір Бясецкі прызначыў палітвязню 2,5 гады калоніі. На волі Мікалая чакаюць жонка і двое непаўнагадовых дзяцей.
Тэрмін мужчына адбывае ў івацэвіцкай калоніі № 22. Па ініцыятыве адміністрацыі ўстановы Мікалаю хочуць узмацніць пакаранне. 24 снежня ў Івацэвічах адбудзецца суд па замене Мікалаю рэжыма ўтрымання і пераводзе ў турму. Рашэнне будзе прымаць суддзя Васіль Аўрусевіч.
Па інфармацыі праваабаронцаў, Машарскага з 2020 года неаднаразова адпраўлялі на «суткі» за «ўдзел у несакцыянаваных масавых мерапрыемствах або пікетаванні» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У пятніцу ў Мёрах за «экстрэмізм» збіраюцца судзіць дырэктарку сельскага Дому культуры
Імя Міраславы Фёдараўны Цыцыны з'явілася ў раскладзе суда Мёрскага раёна на 20 снежня. Жанчыне ставяць у віну «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Суддзя — Ірына Яскевіч.
Міраслава Цыцына ўзначальвае калектыў Чапукоўскага сельскага Дома культуры, піша тэлеграм-канал @vitebsk_info.
Пад яе кіраўніцтвам Чапукоўскі СДК быў занесены на раённую Дошку гонару па выніках 2013 года.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі Telegram-каналы «Лукашолки», «Blood And Honour Ukraine», «Н8Ш ∆В8Ж», Instagram старонка «lesley.knife», старонкі ў «Х» «Макс Сракатанскi», «Пани Настачка (Anataia Stark)», старонкі ініцыятывы «Одно Окно» ў Facebook, TikTok, «Аднакласніках» і «Дзэн».
Украінца і двух беларусаў прыгаварылі да тэрмінаў ад 11 да 25 гадоў па справе аб «баявых ячэйках СБУ»
Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па справе аб «баявых ячэйках СБУ» у дачыненні да грамадзяніна Украіны Івана Ліхалата і жыхароў Гродна Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча, перадае Reform.news.
Пухальскага і Ліхалата абвінавацілі ў спробе падрыву на ўчастку чыгункі ў Талочынскім раёне, якую кваліфікавалі як замах на акт тэрарызму па ч.1 арт.14, ч.3 арт.289 КК і замах на прывядзенне ў непрыдатнасць сродкаў чыгуначнага транспарту па ч.1 арт.14, ч.4 арт.309 КК.
Пухальскаму дадаткова інкрымінавалі незаконны абарот выбуховых прыстасаванняў па ч.4 арт.295 КК і здраду дзяржаве па ч.1 арт.356 КК, Ліхалату – агентурную дзейнасць па арт.358-1 КК, а Бародзічу – здраду дзяржаве і неданясенне аб плануемых злачынных учынках па ч.1 арт.356 і ч.2 арт.406 КК.
Сцвярджалася, што абвінавачаныя на працягу 2023 года ў рамках узаемадзеяння з прадстаўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў збіралі і прадстаўлялі ім інфармацыю, а таксама "выконвалі іншыя супрацьпраўныя заданні, якія маглі прычыніць шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".
Ліхалата, Пухальскага і Бародзіча прыгаварылі да пазбаўлення волі на тэрмін ад 11 да 25 гадоў, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.