Хронікі рэпрэсій за 19 снежня: праз рэпрэсіі прайшлі мінімум 79 айцішнікаў; «Позірк» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем»
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1498 дзён, Дзяніс — 1378.
***
Апошнімі гадамі Беларусь страціла ганаровы статус IT-краіны. Праз рэпрэсіі і вайну ва Украіне буйныя IT-кампаніі былі вымушаныя пакінуць Беларусь, што прывяло да масавай эміграцыі выхадцаў з Беларусі. Цяпер IT-сфера ў Беларусі цягне эканоміку краіны ўніз. Акрамя таго, рэжым Лукашэнкі працягвае пераследаваць айцішнікаў па палітычных матывах, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».
Людзей пераследуюць у тым ліку за ахвяраванні ў фонды салідарнасці, за распрацоўку «экстрэмісцкіх» дадаткаў, каментары і салідарнасць з палітвязнямі. Паводле даных праваабаронцаў, з 2020 года не менш за 79 айцішнікаў былі асуджаныя па крымінальных справах, 27 з іх цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.
***
Суд прысудзіў пінскага журналіста Яўгена Нікалаевіча да 1,5 года калоніі паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Медыя-Палессе». Яго апеляцыю Брэсцкі абласны суд адхіліў.
10 жніўня 2020 года журналіст быў затрыманы і збіты. 30 жніўня яго зноў затрымалі і арыштавалі на невядомы тэрмін. Пасля гэтага ён пакінуў Беларусь і працаваў у сферы, не звязанай з журналістыкай.
На пачатку 2024 года ён вярнуўся дадому і быў затрыманы.
***
Дальнабойніку з Мінска Дзмітрыю Сончыку пагражае да чатырох гадоў калоніі за «тысячу каментароў» пра Лукашэнку, суддзяў і сілавікоў. На расклад судовых пасяджэнняў звярнула ўвагу «Наша Ніва».
Судовы працэс над 40-гадовым Дзмітрыем пачнецца 26 снежня ў судзе Партызанскага раёна Мінска. Яго будуць судзіць па трох артыкулах: «Абраза суддз»і (арт.391 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК) і «абраза прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК). Працэс будзе весці суддзя Вольга Царык.
«Пакаяльнае відэа» з Сончыкам з'явілася 7 траўня — яго затрымалі па вяртанні з-за мяжы. Яму ставяць у віну каментары ў «Тэлеграме» — нібыта ён пакінуў іх больш за тысячу.
Дзмітрыю Сончику 40 гадоў. Рэсурсу вядома, што ён доўгі час працаваў кіроўцам, апошнімі гадамі — дальнабойнікам. Дзмітрый захапляецца мотаспортам, а таксама радыёаматарствам.
***
23 снежня суд Цэнтральнага раёна Гомеля будзе разглядаць адміністрацыйную справу супраць былой выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Валерыі Дэцук, піша «Гомельская вясна».
Жанчыну будуць судзіць паводле артыкула аб парушэнні Дэкрэта №7 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе».
Сына Вікторыі Сяргея Дэцюка прысудзілі да 3 гадоў калоніі па артыкуле аб «гвалце альбо пагрозе гвалтам у дачыненні да міліцыянта» (арт.364 КК). У сакавіку 2021 года сілавікі прыйшлі да сям'і Дэцукоў з ператрусам. Сяргей заступіўся за маці і таксама быў затрыманы. Жанчыну пасля затрымання звольнілі з універсітэта.
Дэцук павінен быў у сакавіку вызваліцца з ПК-14 у Навасадах у Мінскай вобласці. У дзень вызвалення яго затрымалі па новым абвінавачванні і змясцілі ў следчую турму № 8 у Жодзіне.
У ліпені суд Барысаўскага раёна прысудзіў гамельчуку год калоніі паводле артыкула аб «непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК).
***
Служба замежных сувязей Еўрапейскага Саюза і дыпламатычны корпус ЕС заклікаюць беларускія ўлады вызваліць Мікалая Хіло, супрацоўніка дэлегацыі ЕС у Беларусі, піша «Салідарнасць» са спасылкай на DW і «Politico».
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», Мікалай Хіло, прапаведнік царквы ЕХБ «Дабравесце», быў затрыманы 24 красавіка гэтага года, знаходзіцца ў СІЗА.
Паводле звестак «Politico», Хіло быў затрыманы КДБ перад офісам дэлегацыі ЕС у Мінску. Іншы чыноўнік паведаміў выданню, што Хіло пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад 4 да 12 гадоў.
На 23 снежня прызначаны разгляд крымінальнай справы супраць Хіло ў Мінскім гарадскім судзе, яго абвінавацілі ў «закліку да санкцый» і «распальванні сацыяльнай варожасці».
— Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць яго неадкладна і безумоўна, — заявіла Аніта Хіпер, прэс-сакратарка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі. — Мы ўздымалі пытанне пра яго пры ўсіх нашых кантактах з Беларуссю.
Паводле яе слоў, дэлегацыя ЕС «падтрымлівае рэгулярныя кантакты з яго сям'ёй і адвакатам і ўважліва сочыць за ходам справы».
Таксама амбасада Вялікабрытаніі ў Беларусі, амбасада Германіі ў Беларусі, амбасада Нідэрландаў у Польшчы і МЗС Чэхіі зрабілі заяву наконт беларускіх палітвязняў. Яны заклікаюць вызваліць журналістаў, неабгрунтавана затрыманых у Беларусі, піша «Reform».
«Мы шакаваныя нядаўнім арыштам 7 журналістаў — гэта яшчэ адзін сумны прыклад падаўлення свабоды слова ў Беларусі. 45 супрацоўнікаў СМІ цяпер знаходзяцца за кратамі. Як сябры "Кааліцыі за свабоду СМІ", мы ўважліва сочым за тым, што адбываецца, і заклікаем вызваліць неабгрунтавана затрыманых журналістаў», — гаворыцца ў сумеснай заяве.
На пачатку снежня ў Баранавічах былі затрыманыя сем былых супрацоўнікаў закрытай уладамі газеты «Intex-Press». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, іх затрымлівалі ў рамках артыкула 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
***
Сталі вядомыя падрабязнасці справы, падчас якой судзілі траіх палітзняволеных: беларусаў Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага, а таксама ўкраінца Івана Ліхалата, піша «Вясна». Праўладныя крыніцы паведамляюць, што 18 снежня 2024 года іх асудзілі на тэрміны ад 11 да 25 гадоў пазбаўлення волі. Дакладныя тэрміны кожнаму з іх не паведамляюцца.
У паведамленні пракуратуры гаворыцца, што Пухальскі і Ліхалат нібыта «здзейснілі спробу падрыву» на ўчастку чыгункі ў Талачынскім раёне. Гэта абвінавачванне кваліфікавала як «замах на акт тэрарызму» паводле ч.1 арт.14, ч.3 арт.289 Крымінальнага кодэкса і «замах на прывядзенне ў непрыдатнасць сродкаў чыгуначнага транспарту» паводле ч.1 арт.14, ч.4 арт.309 Крымінальнага кодэкса.
Дзеянні Пухальскага дадаткова кваліфікаваныя як «незаконны абарот выбуховых прылад» паводле ч.4 арт.295 Крымінальнага кодэкса і «здрада дзяржаве» паводле ч.1 арт.356 Крымінальнага кодэкса, Ліхалата — «агентурная дзейнасць» паводле арт.358-1 Крымінальнага кодэкса, а Бародзіча — «здрада дзяржаве» і «неданясенне аб планаваных злачынных дзеяннях» паводле ч.1 арт.356 і ч.2 арт.406 Крымінальнага кодэкса.
***
19 снежня МУС прызнала выданне «Позірк» «экстрэмісцкім фарміраваннем». Адпаведнае рашэнне было апублікавана на сайце ведамства, піша «Медыязона».
«Экстрэмісцкімі» прызнаныя сайт і сацсеткі медыя. Датычнымі да дзейнасці СМІ МУС назвала Рамана Кісляка, Таццяну Каравянкову, Аляксандра Класкоўскага, Пятра Яновіча і Аляксандра Фрыдмана.
Акрамя таго, Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Гэтым разам «экстрэмісцкай» прызналі старонку ў «Х» кіраўніцы ўкраінскага «Цэнтра грамадзянскіх свабод» Аляксандры Матвійчук, на якую падпісаныя амаль 200 тысяч карыстальнікаў. Адпаведнае рашэнне прынята 18 снежня судом Цэнтральнага раёна Мінска, паведамляе «Reform».
Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» унеслі:
- старонкі ў «Х»; «j_matuzova», «Lastanka»;
- старонкі ў «TikTok»: «NarDep», «Александр», «Кастусь», «Микита», «potatoesSs».
***
Праваабаронцы «Вясны» абнавілі спіс палітвязняў. Яго папоўнілі імёны 23 чалавек. Гэта:
Дзмітрый Самсонаў, Юрый Аверкаў, Вячаслаў Бародзій, Валянціна Полаз, Мікалай Ласоўскі, Арцём Ліцевіч, Міхаіл Герасімчук, Сяргей Ціханаў, Мікалай Клок, Павел Шорахаў, Барыс Пухальскі, Іван Ліхалат, Іван Бародзіч, Сяргей Гарлоў, Марэт Валюк, Святлана Якубовіч, Аляксандр Кудрэвіч, Юрыйс Ганінс, Марына Мышко, Андрэй Слізевіч, Ганна Курыс, Аляксандр Дарагакупец, Ігар Кузаўка.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 684 дні, Мікалая Статкевіча — 681 дзень, Ігара Лосіка — 672 дні, Віктара Бабарыкі — 610 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 540 дзён, Уладзіміра Гундара — 503 дні, Аляксандра Арановіча — 198 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваецца 1299 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1401 чалавек. Сярод іх — 171 жанчына і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.