Хронікі рэпрэсій за 16 снежня: за лістапад па палітычных матывах асуджаныя больш за 140 чалавек; людзей судзяць сем'ямі
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1495 дзён, Дзяніс — 1375.
***
За мінулы месяц паводле палітычна матываваных крымінальных артыкулаў асуджаныя не менш за 144 чалавекі, з якіх 35 жанчын і 109 мужчын, пішуць праваабаронцы «Вясны». Яшчэ чатыры чалавекі атрымалі прысуды ў рамках «спецыяльнай вытворчасці» — гэта значыць завочна.
У лістападзе пад рэпрэсіі трапілі рэкордная колькасць сямейных пар або груп сваякоў, паведамляюць у «Вясне».
Так, у Мінску мужа і жонкі Саўрыцкіх і іх дачку судзілі за «распальванне варожасці», у Брэсце сямейную пару Кашчэевых — за «здраду дзяржаве». Яшчэ дзесяць груп сваякоў трапілі пад пераслед паводле «народнага» 342-га артыкула за пратэсты.
Мінімум пяць разоў заводзілі новыя справы на грамадзян, якія ўжо падвяргаліся палітычным рэпрэсіям у папярэднія гады.
Таксама праваабаронцы адзначаюць відавочную тэндэнцыю пераследу палітвязняў, якія трапілі ў жорны рэпрэсій у сярэдзіне 2020 года, чые тэрміны зняволення заканчваліся напрыканцы 2024-га. Да іх ужываюць арт.411 Крымінальнага кодэкса аб «непадпарадкаванні» адміністрацыі калоніі і дадаюць тэрмін.
***
У праваабаронцаў з'явілася інфармацыя пра чарговую хвалю затрыманняў сваякоў палітвязняў, піша «Салідарнасць».
Паведамляецца, што людзей забіраюць на допыты, адбіраюць тэхніку і банкаўскія карткі. Мяркуецца, што гэта можа быць неяк звязана з атрыманнем дапамогі.
***
Палітвязня Акіхіру Гаеўскага-Ханаду перавялі на турэмны рэжым. Пра гэта паведаміў 15 снежня тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь». Судовы працэс па замене рэжыму прайшоў 18 ліпеня ў судзе Шклоўскага раёна. Рашэнне прымаў суддзя Аляксандр Тараканаў. Цяпер палітвязня ўтрымліваюць у магілёўскай турме № 4. На пачатку чэрвеня стала вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі адправіла Акіхіру на 4 месяцы ў ПКТ.
Актывіст анархісцкага руху ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль 4 гады. У Мінгарсудзе 6 верасня 2022 года яму прысудзілі 16 гадоў калоніі.
28 лютага 2023 года ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова скараціла тэрмін палітвязню на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Акіхіры Гаеўскага-Ханады — 15 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
***
Былога палітвязня Аляксандра Патапава трэці раз будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму», пішуць праваабаронцы.
Справу 70-гадовага жыхара вёскі Хатоля Віцебскага раёна 19 снежня ў судзе Віцебскага раёна зноў будзе разбіраць суддзя Таццяна Лабацкая. Мінулым разам яна судзіла яго тыдзень таму, 12 снежня. Пазамінулы суд над Патапавым адбыўся 31 кастрычніка. Судзіў яго суддзя суда Віцебскага раёна Міхаіл Зубеня.
Аляксандр Патапаў з вёсцы Хатоля Віцебскай вобласці быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за «абразу» Лукашэнкі ў каментарах у «Аднакласніках».
Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі». Пазней мужчыну прысудзілі да 2 гадоў калоніі. Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.
***
38-гадовага жыхара Віцебска будуць судзіць за каментары ў «Тэлеграме». Яго абвінавачваюць у «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК) і «рэабілітацыі нацызму» (ч.1 арт.130-1 КК), паведамляе «Медыязона».
Паводле інфармацыі ведамства, абвінавачаны амаль два гады пісаў каментары, накіраваныя на «распальванне варожасці» і «рэабілітацыю нацызму». У тым ліку абвінавачаны станоўча ацэньваў дзеянні Адольфа Гітлера. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Віцебск, я гуляю», абвінавачанага клічуць Аляксандр Рандарэнка. Увесну яго збілі пры затрыманні.
Пракуратура накіравала крымінальную справу ў Віцебскі абласны суд, мужчына знаходзіцца пад вартай.
***
Асуджанаму па артыкуле аб «здрадзе дзяржаве» (арт.356 КК) айцішніку Аляксею Навагродскаму хочуць змяніць умовы рэжыму адбыцця пакарання. Разгляд справы аб змяненні ўмоў рэжыму пройдзе 18 снежня ў судзе Бабруйскага раёна, вынікае з інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна».
Год таму Навагродскага прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за «здраду дзяржаве». Што легла ў падставу абвінавачвання, невядома.
Аляксей нарадзіўся ў вёсцы Паперня ў Лідскім раёне. Пры нараджэнні ў яго было іншае прозвішча — Чакавы.
Пасля школы ён паступіў у БДУІР і скончыў універсітэт у 1998 годзе. Паводле інфармацыі, прадастаўленай «Кіберпартызанамі», у 2005 годзе Аляксей працаваў святаром, аднак пра якую канфесію ідзе гаворка — невядома.
У 2007 годзе мужчына пачаў працаваць на прадпрыемстве «Белфармацыя». З 2008 года быў сістэмным адміністратарам і дырэктарам У ТДА «Філасофія». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, прыкладна тады ён і змяніў прозвішча.
Пазней Аляксей Навагродскі выехаў за мяжу. У 2015 годзе жыў у Польшчы, у 2019-м і 2021-м ён пісаў пра сябе ў сацсетках, што жыве ў Германіі, займаецца штучным інтэлектам і працуе ў нямецкай кампаніі «EDEKA GmbH/WITRON». «Наша Ніва» адзначае, што мэсэнджары Аляксея былі прывязаныя да нямецкага нумара, а электронная пошта была на нямецкім дамене, што можа паказваць на тое, што ў Германіі ён жыў пастаянна.
Паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», у Аляксея трое дзяцей ад трох розных жанчын.
Калі Навагродскі быў затрыманы — невядома. Анлайн у «ВКонтакте» ён быў апошні раз 29 снежня 2022 года, хоць раней заходзіў у сацсетку рэгулярна.
***
16 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс па справе Армена Арзуманяна. Яго абвінавачваюць у «закліках да санкцый» (ч.3 арт.361 КК) і «паклёпе» на Лукашэнку (ч.2 арт.367 КК).
Армену Арзуманяну 44 гады. Ён родам з Азербайджана, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі і мае беларускае грамадзянства. Мужчына піша музыку пад псеўданімам Арман Алекпераў. Ён двойчы выступаў на «Х-фактары»: спачатку ў 2018 годзе ва Украіне, а затым у 2021 годзе ў Беларусі. Характэрна, што ў беларускім праекце ён атрымаў ад удзельнікаў журы адказ «Так», але далейшыя выпускі з яго ўдзелам чамусьці так і не былі паказаныя.
Армен расказаў у інтэрв'ю, што дапамагае бяздомным жывёлам. Сам ён, паводле яго слоў, выратаваў некалькі соцень. У сваім доме ён зладзіў дамкі для жывёл на зіму і лета. А яшчэ валанцёрыць у арганізацыях, якія ратуюць жывёл, пісала «Наша Ніва».
Працэс вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 681 дзень, Мікалая Статкевіча — 678 дзён, Ігара Лосіка — 669 дзён, Віктара Бабарыкі — 607 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 537 дзён, Уладзіміра Гундара — 500 дзён, Аляксандра Арановіча — 195 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваецца 1278 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1400 чалавек. Сярод іх — 176 жанчын і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.