«Працягваючы беларускую справу, мы дапамагаем палітвязьням»

 «За беларускае жыцьцё...» — так называецца новая кніга пра Алеся Бяляцкага — праваабаронцу, палітвязьня, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру. Кніга выйшла ў Беластоку, дзе жыве і працуе адзін са складальнікаў выданьня, літаратар і журналіст Міхал Андрасюк. Свабода пагаварыла зь ім пра ідэю кнігі і зьмешчаныя ў ёй невядомыя раней матэрыялы, асобу Алеся Бяляцкага і ягоную адданасьць праваабарончай справе, веру ў сілу беларускай мовы і будучыя сустрэчы ў вольнай Беларусі.

Малады Алесь Бяляцкі ў Ялце на магіле Максіма Багдановіча

Малады Алесь Бяляцкі ў Ялце на магіле Максіма Багдановіча

Пра літаратуразнаўцу Бяляцкага

— Як і калі вы пазнаёміліся з Алесем Бяляцкім? Якое ўражаньне пра яго ў вас тады склалася?

— У траўні 1996 году ў Гайнаўцы ў Беларускім музэі адбыўся першы літаратурны сэмінар «Бязьмежжа». Мне тады было трыццаць сем, і я ня меў ніякіх значных літаратурных дасягненьняў. Чаму арганізатар сэмінару Яўген Вапа палічыў, што варта запрасіць і мяне, ня ведаю. А зь Беларусі прыехалі маладыя, але ж вядомыя ўжо пісьменьнікі: Адам Глобус, Ігар Бабкоў, Алесь Аркуш. З дакладам выступіў Алесь Бяляцкі, тады дырэктар Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча ў Менску. Пра што быў даклад, ужо ня памятаю, а вось самога Алеся — так. Сьветлавалосы малады мужчына.

Алесь Бяляцкі і Міхал Андрасюк. Падляшша. 2016 год

Алесь Бяляцкі і Міхал Андрасюк. Падляшша. 2016 год

Размаўлялі зь ім некалькі хвілінаў — а ўражаньне, што былі знаёмыя шмат гадоў. І тыя іскрынкі ў вачах, калі пачынаў разважаць пра беларускую літаратуру, пра свой музэй, пра пляны на будучыню. Голас нібыта спакойны, мяккі, а запалоньвае слухача.

Аб праваабарончых прынцыпах

— У 2016-м, ужо пасьля вызваленьня з турмы, у якую Алеся кінулі за праваабарончую дзейнасьць, вы зноў сустрэліся і запісалі шмат гутарак.

— Так, зьменаў за два дзесяцігодзьдзі адбылося шмат. У дзевяностыя гады, калі мы толькі пазнаёміліся, здавалася, што ягоная адзіная дарога — літаратура і ўсё, што мае да яе дачыненьне. Але лёс вырашыў іначай. І ў гэтай сувязі тэмы размоваў з Алесем пашырыліся. Як ахвяраваць сваім дзеля агульнай справы? Што ў жыцьці важнае, а што найважнейшае? Што робіць чалавека моцным, што дапамагае выжыць у складанай сытуацыі — напрыклад, у турме? Шмат размаўлялі і пра асабістае. Раньняе дзяцінства ў Карэліі, шалёныя студэнцкія гады, каханьне, шлюб... Што цікава — Алесь быў пасьля турмы, але я не пачуў ні слова пра помсту несправядліваму правасудзьдзю, ніякіх заклікаў на барыкады. Узорны прыклад праваабаронцы. І нязьменная пазыцыя: рабіць сваю беларускую справу, нягледзячы на ўсе складанасьці.

Кніга пра Алеся Бяляцкага

Кніга пра Алеся Бяляцкага

Пра ідэю і выданьне кнігі

— А як паўстала ідэя з тых гутарак і інтэрвію зрабіць цяпер кнігу пра набэліянта?

— Spiritus movens выданьня — дырэктар Радыё Рацыя Яўген Вапа. Аказалася, што маем у архівах радыё шмат запісаў з Алесем. Запісваў я, запісвалі мае рэдакцыйныя калегі Юрка Ляшчынскі і Яна Запольская. А яшчэ ў нас зьявілася магчымасьць уключыць у кнігу лісты, якія Алесь пісаў сябрам, калі служыў у войску, — яны ніколі раней не публікаваліся.

Плянавалася, што кніга выйдзе ў сьнежні 2023-га, да першай гадавіны Алесевай прэміі. Тады не атрымалася, у асноўным зь фінансавых прычынаў. Мроілася выданьне на добрай паперы, прыязнае для вока ў графічным пляне, багата дапоўненае фатаздымкамі, таксама ніколі раней не публікаванымі. Варта было пачакаць год, каб зрабіць усё так, як хацелася.

Глядзіце таксама

Пра адкрыцьці ў асобе Бяляцкага

— Што ў гэтай кнізе, апроч раней друкаваных запісаў для Радыё Рацыя і тыднёвіка «Ніва», было для вас адкрыцьцём пра Алеся Бяляцкага?

— Безумоўна, лісты з войска. Сьпелы погляд маладога чалавека на Беларусь, заклапочанасьць сытуацыяй у беларускім грамадзтве і добрая арыентацыя ў тым, што адбываецца ў беларускай літаратуры. А чалавек жа ў войску, дзесьці за Ўралам, далёка ад Радзімы.

Алесь Бяляцкі з маці

Алесь Бяляцкі з маці

— Ці паўплывала на вас асабіста і на вашу творчасьць асоба Алеся Бяляцкага? Калі так, то якім чынам?

— Бываюць хвіліны, калі задумваесься: а ці варта пісаць па-беларуску? Каму гэта трэба? І тады згадваюцца размовы з Алесем. Пра яго шлях да беларускай мовы, да беларускай гісторыі, культуры. І адказ знаходзіцца сам. Варта, бо за беларускае людзі сядзяць у турмах. Трэба працягваць беларускую справу, бо хто, калі ня мы?

Пра творчасьць у часе вайны

— Алесь Бяляцкі — двойчы палітвязень турмаў рэжыму Лукашэнкі. За краты ў Беларусі кінутыя тысячы грамадзянаў па абсурдных абвінавачваньнях. А Ўкраіну спрабуюць зьнішчыць расейскія агрэсары. Як у гэтай рэальнасьці пачуваецца пісьменьнік на Падляшшы, у якога літаральна пад бокам катуюць і забіваюць людзей?

— Я пражыў 65 гадоў, цягам якіх вайна ніколі не была так блізка, як сёньня. Наш сьвет зацяжараў вялікай вайной і рана ці позна народзіць яе. Глядзіш тэлебачаньне, слухаеш навіны і ўсьведамляеш, што нічога не залежыць ад цябе. Адзінае, што магу зрабіць, — выказаць словам свой пратэст супраць вайны, паказаць яе сюррэалістычны бок, агульны для ўсіх нас кацёл, у якім варацца кАты і ахвяры, жаўнеры і дзеці, героі і здраднікі. І паціху такая кніга набіраецца. Усе ранейшыя ідэі, задумы пайшлі «ў шуфляду». (Калі нехта зьбянтэжыўся, маўляў — што, ізноў пра вайну? — хачу супакоіць. Не, не пра Другую сусьветную, не пра Вялікую Айчынную. Пра вайну ў цэлым, як агульную для ўсіх трагедыю.)

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі


Пра сустрэчы ў вольнай Беларусі

— Як вы ўяўляеце сваю сустрэчу з галоўным героем кнігі «За беларускае жыцьцё...»? Што вы яму скажаце? Што падорыце?

— У 2016 годзе я паказаў Алесю невялікі фрагмэнт маёй малой Бацькаўшчыны. Веру, што яшчэ паедзем у маю Войнаўку, пакажу Алесю, як падрасьлі яблынькі-грушы ды ўсякія экзатычныя хвойкі-елкі, якімі ён так захапляўся. Але я таксама ня супраць сустрэцца з Алесем у Менску. У нармальнай Беларусі, у Менску, які памятаю з пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя. Прагуляцца зь ім Траецкім прадмесьцем, пасядзець у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча. Паразмаўляць пра тое, што наперадзе. Бо хочацца верыць, што самае лепшае ў нас там, у будучыні.