Хронікі рэпрэсій, 3 ліпеня. Рыгор Кастусёў на волі!
Некаторыя беларускія палітвязні пачалі выходзіць на волю па амністыі. Што вядома?
Учора Лукашэнка заявіў, што некаторыя цяжкахворыя палітвязні, верагодна, будуць вызваленыя. Сёння праваабарончыя арганізацыі пачалі даведвацца, што сапраўды некаторыя вязні сумлення ўжо выйшлі на волю.
Праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома пра чацвярых палітзняволеных, якія сёння выйшлі на волю па амністыі
Сярод іх — дзве жанчыны і два мужчыны. У сваю чаргу выданне «Медыязона» са спасылкай на свае крыніцы піша, што на волю выйшлі пяцёра палітвязняў.
Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы гэтых людзей.
Інфармацыя пра іншых вызваленых правяраецца.
Палітзняволены Рыгор Кастусёў выйшаў на волю
Гэтую інфармацыю праваабаронцам пацвердзілі сваякі палітвязня.
«Вось 20 хвілін таму бачыў спадара Рыгора па відэасувязі. Ен ужо дома, з жонкай. Выглядае бадзёра, але без вусаў. Цікавіўся нашымі навінамі, усім перадаваў прывітанне!» — распавёў пра размову з Рыгорам Кастусёвым, якая адбылася каля 17-ай гадзіны па мінскім часе, ягоны зяць «Радыё Свабодзе».
67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымлівалі за кратамі больш за тры гады. У верасні 2022 года Рыгора прызналі вінаватым у «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і асудзілі да 10 гадоў калоніі.
У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анказахворванне.
У красавіку яму зрабілі аперацыю па вывядзенні катэтара з мачавіка, пасля якой адразу перавялі ў турэмную камеру.
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 8 чалавек
Гэта Ірына Клязовіч, Марына Гацура, Віктар Нікіфараў, Надзея Лескавец, Ірына Пагадаева, Глеб Дудко, Жанна Дашкевіч, Ілля Гумбар.