Грамадскія актывісты змагаюцца за ратаванне слонімскага лесу да высечак
Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Слоніма (Гродзенская вобласць) працягваюць змагацца за ратаванне мясцовага лесу ад масавых высечак.
Кіраўнік Слонімскага аб'яднання дэмсіл Іван Шэга адправіў у Камітэт дзяржкантролю Беларусі ліст, у якім інфармуе аб незаконным знішчэнні мясцовымі ўладамі зялёнай зоны, паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org.
Высечка 30-гадовага лесу вакол горада, побач з вуліцай Войкава, "для выдзялення ўчасткаў пад будаўніцтва прывілеяванай катэгорыі грамадзян, сярод якіх быў і дырэктар мясцовага лясгаса", пачалася яшчэ ў 2011 годзе, піша Шэга. Тады, пасля шматлікіх зваротаў у розныя інстанцыі, грамадскім актывістам удалося прыпыніць знішчэнне маладога лесу на плошчы да двух гектараў.
У студзені гэтага года на гэтым участку зноў з'явіліся работнікі лясгаса, якія пачалі валіць дрэвы. Раённая газета "Слонимский вестник" — друкаваны орган райвыканкама
— размясціла публікацыю пра тое, што гэтыя работы запланаваныя і высечка закране толькі хворыя і слабыя дрэвы.
Аднак, як сцвярджае аўтар ліста ў КДК, факты гавораць пра іншае: "Высякаецца вельмі шмат лесу, практычна палова дрэў. Прычым высякаюцца не слабыя і хворыя, а наадварот — моцныя дрэвы. Стараннямі лесарубаў на невялікай адлегласці менш за 100 метраў спілаваныя пяць суцэльных палосаў шырынёй каля 5 метраў і даўжынёй да 200 метраў. Тут дрэвы знішчаны поўнасцю і гэта знішчэнне працягваеццца. Ніхто не клеймаваў дрэвы, нідзе да пачатку работ не былі выстаўлены слупкі з указаннем, што гэта за лес, што за работы тут праводзяцца".
Шэга таксама прыводзіць меркаванне старых леснікоў, якія кажуць, што "пасля такой "санітарнай" высечкі гэты ўчастак лесу асуджаны: слабыя пакінутыя дрэвы не вытрымаюць моцнага ветру і ўтворыцца лесапавал, а што застанецца — будзе лёгкай здабычай караедаў".