Грамадскія актывісты падпісалі сумесную рэзалюцыю па праблеме знішчэння драўлянай забудовы ў цэнтры Гомеля
18 снежня ў Гомелі прайшоў сход прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, грамадзянскіх кампаній і ініцыятыў рэгіёну, якія падпісалі рэзалюцыю аб сітуацыі са знішчэннем драўлянай забудовы
Гомеля.
Прадстаўнікі 21 арганізацыі заклікалі ўлады правесці шырокія грамадскія слуханні па гэтай праблеме з прыцягненнем спецыялістаў, прыняць меры да захавання ўнікальных будынкаў, распрацаваць
канцэпцыю захавання культурнай спадчыны.
Нагадаем, у Гомелі пачалося знішчэнне драўляных дамоў у цэнтры горада з унікальнай драўлянай разьбой. Актывісты правялі шэраг акцый для захавання гэтых дамоў, але пакуль сітуацыю не ўдалося змяніць.
У Міністэрства культуры накіравана адозва з просьбай надаць дамам на вуліцах Волатаўскай і Парыжскай Камуны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пакуль гэтае пытанне не вырашана.
Прадстаўнікі НДА выказалі думку, што ў такіх пытаннях мясцовыя ўлады павінны раіцца з грамадскасцю і ўлічваць меркаванне жыхароў горада.
Удзельнікі сходу таксама разгледзелі механізмы ўзаемадзеяння для эфектыўнага вырашэння рэгіянальных праблем. Стваральнік ініцыятывы "Гомельскі дэмакратычны форум" Пётр
Кузняцоў прапанаваў арганізаваць адзіную інфармацыйную пляцоўку, каб атрымліваць аператыўную інфармацыю аб дзейнасці адзін аднаго, наладзіць інфармацыйны абмен у рэжыме рэальнага часу, фарміраваць
рэгіянальны парадак дня. Удзельнікі згадзіліся, што будзе створана агульная паштовая рассылка, абмен друкаванай прадукцыяй і магчымасць камунікацый у інтэрнэце.
Алена Германовіч, БелаПАН