Гомельскага журналіста судзяць пяты раз за 2016 год
Незвычайныя рэкорды ставіць Гомельшчына. Тут у пяты раз за 2016 год будуць судзіць журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага.
Кастусь Жукоўскі, gomelspring.org
1 сакавіка журналісту патэлефанаваў участковы інспектар Мазырскага РАУС, маёр міліцыі Алег Вяргацкі і папрасіў прыехаць, у сувязі з тым, што на Кастуся Жукоўскага заведзеная адміністрацыйная справа па частцы 2 артыкула 22.9 - "незаконнае стварэнне і распаўсюд прадукцыі СМІ". Нагодай для гэтага стаў рэпартаж пра банкроцтва мазырскага спіртагарэлачнага завода, паказаны тэлеканалам "Белсат".
У інтэрв'ю Белсату Жукоўскі адзначыў, што такая ўвага да яго з боку праваахоўных органаў з'яўляецца пераследам за грамадскую актыўнасць і асвятленне сацыяльна значных праблем:
"Сваёй дзейнасцю і працай я, напэўна, вельмі моцна нашкодзіў прадстаўнікам ўладных мафіёзных кланаў . У сувязі з тым, што пераслед не спыняецца, прашу міжнародную супольнасць звярнуць увагу на сітуацыю звязаную з пераследам журналістаў-фрылансераў у Беларусі. На фоне адмены санкцый з боку Еўразвяза гэта выглядае здзекам з асноўных правоў і свабодаў грамадзян Беларусі, з мяне ў прыватнасці! Гэта нічым не прыхаваны палітычны пераслед мяне асабіста!"
Літаральна тыдзень таму Жукоўскі ўжо быў пакараны штрафам у 80 базавых велічыняў Жлобінскім раённым судом. Там на яго склалі два пратаколы па артыкуле 22.9 - "незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ".
Таксама ў лютым яго пакараў па такім жа артыкуле Буда-Кашалёўскі суд, а ў снежні Кармянскі і Калінкавіцкі суды. Агулам Кастусь Жукоўскі мусіць спагнаць у дзяржаўную казну ўжо больш за 70 мільёнаў беларускіх рублёў.