Еўрапарламентарыі і Лондан заклікалі Расію вызваліць Надзею Саўчанка

Больш за 20 еўрапарламентарыяў заявілі, што працягнуць выступаць за вызваленне ўкраінскай лётчыцы. Між тым МЗС Вялікабрытаніі выказаў занепакоенасць тым, што Надзея Саўчанка пачала сухую галадоўку.



0_19092648_303_00.jpg

Надзея Саўчанка ў зале суда

Група дэпутатаў Еўрапейскага парламента і Лондан заклікаюць Расію вызваліць ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанка. У звернутым да Саўчанка лісце, які апублікаваў яе адвакат Марк Фейгін на сваёй старонцы ў Facebook 4 сакавіка, 26 дэпутатаў Еўрапарламента заявілі пра намер "працягваць барацьбу" за вызваленне ўкраінкі, якая стала "ахвярай несправядлівага крамлёўскага рэжыму".

Еўрапарламентарыі назвалі паводзіны Саўчанка "прыкладам моцнага патрыятызму", "адданасці ўкраінскага народу". Яны выказалі захапленне ўпартасцю, з якой яна супрацьстаіць "суду ў стылі Кафкі, дзе факты, доказы і паказанні змяняюцца ў залежнасці ад таго, у які бок падзьме вецер з Крамля". Падпісанты маюць намер працягнуць выступаць за вызваленне Саўчанка на розных палітычных пляцоўках нацыянальнага і міжнароднага ўзроўняў, а таксама заклікаць да гэтага Маскву ў кожнай рэзалюцыі Еўрапарламента, якая тычыцца Украіны, і выносіць на абмеркаванне тэму затрымання Саўчанка на сустрэчах са сваімі расійскімі калегамі.

Лондан: "Сухая галадоўка пагражае жыццю Саўчанка"

Урад Вялікабрытаніі, у сваю чаргу, выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што Надзея Саўчанка пачала сухую галадоўку. Адмова ад прыёму ежы і вады ўяўляе рэальную і непасрэдную пагрозу жыццю Саўчанка, адзначыў брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан у заяве на сайце знешнепалітычнага ведамства краіны. Ён заклікаў расійскі ўрад "праявіць спачуванне і неадкладна вызваліць" Саўчанка.

Данецкі гарадскі суд Растоўскай вобласці 3 сакавіка пастанавіў адкласці разгляд справы Саўчанка да 9 сакавіка. Пасля заканчэння суду Саўчанка абвесціла сухую галадоўку. Раней у ходзе спрэчак дзяржабвінавачанне запатрабавала прызначыць ёй пакаранне ў 23 гады пазбаўлення волі, а абарона — цалкам апраўдаць яе.

Паводле www.dw.com