Глыбокае адзначае 600-годдзе

Сёння галоўны дзень святкавання 600-годдзя Глыбокага. Да позняга вечару ў горадзе будуць праходзіць розныя мерапрыемствы. З раніцы адбыліся святочныя набажэнствы ў глыбоцкіх храмах.



25_02_14_kniha_05.jpg

Фота wikipedia.org

Пра некаторыя мерапрыемствы свята распавядае глыбоцкі грамадскі актывіст Яраслаў Берніковіч:

— Адбываецца тэатралізаванае шэсце “Глыбокае старажытнае і маладое”, парк Перамогі — цэнтральная Плошча. З 11.00 да 18.00 гашэнне паштовай маркі адмысловым штэмпелем у гонар 600-годдзя горада Глыбокае. Для наведвання я абраў бы гашэнне маркі, бо я стары філатэліст. Напэўна, выйшла адмысловая марка, якую можна пагасіць адмысловым штэмпелем.

Сярод іншых мерапрыемстваў: аматарскі тэатр “Пілігрым” з Полацка пакажа спектакль “Рагнеда”, а ў вечары адбудуцца канцэрты і святочны салют.

З нагоды 600-годдзя Глыбокае на Алеі Славы пару дзён таму з’явіўся дзявяты па ліку помнік славутаму земляку. Бюстам уганараваны Юрый Сабалеўскі — прафесар, заснавальнік нацыянальнай школы геатэхнікі.

У Глыбокім на Алеі Славы, сярод іншых вядомых землякоў, уганараваныя помнікамі і дзеячы беларускага адраджэння: этнограф, гісторык, прэм’ер БНР Вацлаў Ластоўскі; мастак Язэп Драздовіч; заснавальнік прафесійнага беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі. А на доме па вуліцы Горкага 22 усталяваная мемарыяльная шыльда Клаўдзію Душэўскаму, палітыку, асветніку і дойліду, аўтару бел-чырвона-белага сцяга.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя