Генпракуратура — за ўвядзенне крымінальнай адказнасці за здзекі з жывёлінаў
Жорсткае абыходжанне з жывёламі, паводле Генеральнай пракуратуры, «замахваецца на грамадскую маральнасць і прычыняе значную шкоду інтарэсам, якія ахоўваюцца крымінальным законам». Гэтак гаворыцца ў адказе Генпракуратуры на звароты абаронцаў жывёл.
Звароты на адрас Генеральнай пракуратуры цягам месяца дасылалі грамадзяне праз рэсурс zvarot.by. Агулам было адаслана 820 зваротаў. Складальнікі дакументу прапаноўвалі ўвесці крымінальнае пакаранне за здзекі з жывёл. А таксама павялічыць эфектыўнасць ужо існага артыкулу КаАП 15.45 («Жорсткае абыходжанне з жывёлінамі»), каб пратаколы паводле гэтага артыкулу маглі складаць працаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, а не мясцовых адміністрацыяў.
У адказе гаворыцца, што Генпракуратура падтрымлівае гэтыя прапановы. «Істотна, што гаворка вядзецца не толькі пра ўзмацненне адказнасці да крымінальнай, але і пра тое, каб зрабіць адміністратыўную адказнасць больш дзейснаю і эфектыўнаю», — каментуе адказ юрыст Юрый Чавусаў.
Ініцыятары кампаніі «НЕ жорсткаму абыходжанню з жывёлінамі» выказваюць спадзеў, што рэкамендацыі пракуратуры будуць увасобленыя ў жыццё ў хуткім часе. Але таксама зазначаюць, што само механічнае павелічэнне адказнасці не выправіць сітуацыі кардынальным чынам да той пары, пакуль не будзе прыняты профільны закон аб абароне жывёлінаў.
У межах кампаніі «НЕ жорсткаму абыходжанню з жывёлінамі» валанцёры ўжо падавалі звароты ад групы арганізацыяў абаронцаў жывёл у Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства замежных справаў. Адміністрацыя выказала нежаданне вяртацца да закону бліжэйшым часам, абгрунтоўваючы гэта фінансаваю немэтазгоднасцю. Міністэрства замежных справаў абяцала паспрыяць у выпадку, калі абаронцам жывёл удасца дабіцца пазітыўнай рэакцыі профільных дзяржаўных ведамстваў.
У межах кампаніі ў бліжэйшыя дні будзе пададзены зварот у Адміністрацыю прэзідэнта ад вядомых людзей краіны (музыкаў, пісьменнікаў ды інш.), вядзецца праца над законапраектам.