Гісторык: Для рэжыму Лукашэнкі Калiноўскi — вораг

Ідэі вызваленчага паўстання, якое адбылося 160 гадоў таму, жывуць і сёння. Чаму беларускія ўлады «не заўважаюць» нацыянальнага героя.

24_1_2.jpg

Сёлета адзначаюцца 160-я ўгодкі паўстання Кастуся Каліноўскага. На могілкі Росы ў Вільні, дзе пахаваны 20 паўстанцаў і ў тым ліку сам Каліноўскі, беларусы прынеслі кветкі і лампадкі, прайшла ўрачыстая імпрэза з удзелам Святланы Ціханоўскай, прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, амбасадараў Польшчы і Украіны. У Беларусі з гэтай нагоды не адбылося нічога.

Стаўленне беларускіх улад да Каліноўскага заўсёды было, мякка кажучы, насцярожаным. Першы і адзіны помнік нацыянальнаму герою з’явіўся ў Свіслачы яшчэ за савецкім часам, афіцыйна рэжым у лепшым выпадку не перашкаджаў дыпламатам з розных краін, а таксама беларускім грамадскім актывістам ушанаваць памяць паўстанцаў, а ў горшым — удзельнікаў гэтых акцый затрымлівалі.

Дзесяць год таму, у 2013-м, на скандальнай навуковай канферэнцыі ў Мінску гучалі абвінавачванні  Каліноўскаму і ягоным паплечнікам у тэрарызме, а некаторыя нават патрабавалі аднавіць помнік Аляксандру ІІ, які задушыў паўстанне.

З іншага боку, у 2019-м афіцыйная беларуская дэлегацыя, хай і вымушана, удзельнічала ў перапахаванні рэшткаў паўстанцаў у Вільні, а сам Лукашэнка, хоць і згадваючы пра «шматлікія нюансы», заявіў, што «ведае ягоную ролю ў гісторыі» і што «гэта быў наш чалавек нашай дзяржавы».

Кім ёсць Каліноўскі для цяперашняга рэжыму, які абраў тактыку маўклівага ігнору героя, чаму не варта  перайначваць ягоныя заклікі, правакуючы новыя спрэчкі ў грамадзянскай супольнасці, і як у будучым беларусы стануць успрымаць гэтую постаць, «Филин» абмеркаваў з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.

— 160 гадоў — дата, канешне, не зусім векапомная, гэта не 150 і не 200, — гаворыць навуковец. — Па вялікім рахунку, уладам можна і не звяртаць на яе ўвагі. Але галоўнае, канешне, што ў сённяшніх умовах для беларускага рэжыму Каліноўскі — вораг. Нават не нейтральная асоба, якую можна было б уключыць у сваю ўласную ідэалогію — ніяк ён у цяперашні курс не ўпісваецца.

Фактычна, Каліноўскага ўзнялі на свае штандары палітычныя праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі. Таму ў дадзеным выпадку прасцей, калі няма вялікай ахвоты ці сіл пачынаць бязлітасную барацьбу, проста замоўчваць, ігнараваць усё, што датычыцца Каліноўскага.

Пры тым раней, нагадвае гісторык, такога адназначнага ўспрымання правадыра паўстання 1863-1864 гадоў ва ўлад не было. У савецкай Беларусі было шмат даследаванняў па Каліноўскім, былі зроблены асноўныя архіўныя знаходкі дакументаў, якія тычыліся паўстання, Каліноўскі прысутнічаў у школьнай праграме па гісторыі і літаратуры.

pashkievich01.jpg

— Ягоная фігура добра-такі ўпісвалася ў камуністычную ідэалогію, — зазначае Аляксандр Пашкевіч, — у якой прапагандаваўся рэвалюцыйны рух. Каліноўскі прасоўваўся хутчэй не як нацыянальны дзеяч, а як сумесь нацыянальнага дзеяча і рэвалюцыянера левых поглядаў.

Такіх людзей за савецкім часам узносілі на п’едэстал не толькі ў Беларусі, але і ў іншых народаў, іх паказвалі як нейкіх папярэднікаў бальшавікоў, тых, хто выступаў у абарону бедных слаёў насельніцтва і супраць багатых эліт, супраць царызму.

Ну, а тое, што ў яго былі антырасійскія погляды, крыху рэтушавалася і падавалася такім чынам, што гэта, маўляў, было выступленне не супраць Расіі і рускага народа, а супраць царскага рэжыму, з якім змагаліся і бальшавікі.

Пэўны час, калі гэта было можна сумяшчаць, Каліноўскі ўпісваўся ў дзяржаўны наратыў, і яго ўлады асабліва не чапалі — нават з’явілася вуліца яго імя, помнікі паўстанцам. Але цяпер сітуацыя змянілася, тая савецка-камуністычная ідэалогія памерла, і хоць Лукашэнка захоўвае шматлікія яе элементы, постаць Каліноўскага стала для ўлад неактуальнай.

Зараз куды большы ўплыў мае расійска-імперская ідэалогія. Уплыў Масквы ў Беларусі ўзмацніўся пасля 2020 года, бо Масква стала асноўнай падпоркай для ўлады Лукашэнкі. Таму і спадчына Расійскай імперыі не разглядаецца як негатыўная, успрымаецца як тое, што і трэба было рабіць, асабліва на падставе імперыялістычных настрояў у расійскім грамадстве і элітах, што моцна выявілася падчас вайны ва Украіне. А Каліноўскі, якога шануюць апаненты Лукашэнкі як нацыянальнага, антырасійскага дзеяча, у цяперашнюю рэчаіснасць не ўпісваецца.

Нават больш, дзіўна, чаму яго яшчэ канчаткова афіцыйна не абвясцілі ворагам і не пачалі кампанію па выкараненні памяці пра яго адусюль, а пакуль толькі замоўчваюць ці адсоўваюць на перыферыю.

На цырымоніі ў Вільні многія звярнулі ўвагу, што ў прамове Святланы Ціханоўскай прагучала перайначаная цытата Каліноўскага — «маскаля» замянілі на «чужую ўладу». І хоць у той жа дзень Ціханоўская патлумачыла, што, маўляў, меліся на ўвазе і рэжым Лукашэнкі, і Расея, але, што называецца, асадак застаўся.

— Калі паспрабаваць неяк кваліфікаваць, то, безумоўна, гэта палітычная памылка — так будаваць прамову, — мяркуе гісторык. — Прычым сама па сабе прамова добрая, але навошта было браць тую цытату і мяняць, спустошваць яе, калі словы ўсім добра вядомыя? Цяжка сказаць, дзеля чаго такое было зроблена. Калі не хацелася казаць рэзкіх слоў агулам у адрас расійцаў, то можна было проста не пісаць і не прамаўляць менавіта гэту фразу.

На мой погляд, каб крыху змякчыць наступствы, варта перадусім прызнаць памылку і прынесці прабачэнні, паспрабаваць не раздзімаць сітуацыю далей, але разам з тым зрабіць усё, каб падобныя выпадкі не паўтараліся.

Думаю, сваю негатыўную ролю гэта ўжо адыграла: ёсць, на жаль, не толькі знешнія праціўнікі, але і пэўныя асобы і групы ў беларускім дэмакратычным руху, якія ўжо, канешне, гэта няўдалае выказванне ўхопяць і ў свае метадычкі ўключаць.

Сказанае ўжо сказана і надрукавана, тут нічога не зробіш. Варта толькі прызнаць гэта, не настойваць на сваёй памылцы і на будучыню разумець, што любыя публічныя выказванні і афіцыйныя звароты Ціханоўскай прыцягваюць вялікую ўвагу.

У цяперашніх умовах ні Офіс, ні Аб’яднаны кабінет не маюць асаблівых магчымасцей, каб уплываць на падзеі ўнутры Беларусі, але ёсць задачы працягваць міжнародную дзейнасць і падымаць беларускае пытанне на міжнароднай арэне, неяк спрашчаць жыццё для беларусаў за мяжой і, канешне, захоўваць адзінства і згуртаванасць у асяроддзі беларусаў.

Падобныя не вельмі прадбачлівыя выпадкі акурат б’юць па трэцяй функцыі, узмацняюць і без таго складаную сітуацыю — таму трэба імкнуцца пазбягаць канфліктаў на роўным месцы.

— У школьных падручніках па гісторыі за 8 клас Кастусь Каліноўскі застаўся: пра паўстанне і яго правадыра распавядаецца адным параграфам, у вельмі спрошчаным і ўсечаным выглядзе. На вашу думку, як будуць успрымаць асобу Каліноўскага і ягоных паплечнікаў у будучай Беларусі?

— Мяркую, Каліноўскі будзе ўспрымацца як постаць асноўнага нацыянальнага героя, на якой у пэўнай ступені ўжо базіруецца нацыянальная міфалогія і нацыянальная ідэнтычнасць. Так што ў гэтым плане ягоная будучыня самая што ні ёсць светлая, святлейшых не бывае.

Я думаю, усё тое, што цяпер робіцца нефармальна, выйдзе на шырэйшы ўзровень. І помнікі яму з’явяцца, і вуліц больш стане, і дзяржаўная ўзнагарода будзе адноўлена (ордэнам Каліноўскага за амаль дзесяць год яго існавання так ніхто і не быў ушанаваны, а ў 2004 годзе ўзнагароду адмянілі).

У змаганні беларусаў з цяперашнім рэжымам, падкрэслівае Аляксандр Пашкевіч, Каліноўскі зноў атрымлівае сімвалічнае значэнне, і ягоная постаць робіцца ўсё больш папулярнай: акрамя дзейнасці знакамітага палка імя Каліноўскага, ствараецца шмат культурных прадуктаў, якія папулярызуюць ягоную асобу.

— Гэта наш асноўны нацыянальны герой, які ёсць і будзе.