Цыганкоў: Справядлівая вайна не дае Кіеву індульгенцыі на няпраўду
Моцна ўражвае, што ў часткі афіцыйнага Кіева няма жаданьня аддзяляць Беларусь дэмакратычную ад Беларусі лукашэнкаўскай, — піша ў сваім блогу на «Св*бодзе» Віталь Цыганкоў.
Кожны раз, калі з Кіева гучыць нешта непрыемнае ці нават абразьлівае для беларусаў (як цяпер, калі Зяленскі не згадаў пра беларусаў у кантэксьце паўстаньня 1863 году) — то ў адказ на справядлівае абурэньне раздаюцца галасы: «Ня трэба зараз пра гэта, украінцы ваююць, трэба ім дараваць, што б яны пра нас ні казалі».
Гэта, як мне падаецца, у прынцыпе аблудная і шкодная, самаедзкая пазыцыя.
Можна ўсяляк максымальна дапамагаць Украіне, як гэта робіць Варшава, але пры гэтым захоўваць сваё стаўленьне да нейкіх спрэчных гістарычных фігураў ці падзеяў. «Мы крайне крытычна ставімся да любога праслаўленьня Сьцяпана Бандэры, тут ня можа быць нюансаў»,— заявіў нядаўна польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі. Пасьля такой рэзкай рэакцыі афіцыйнай Варшавы Вярхоўная Рада Ўкраіны прыбрала з Твітэра той самы тэкст, прысьвечаны дню нараджэньня Бандэры.
Фігура Сьцяпана Бандэры станоўчая для многіх украінцаў — аднак нэгатыўная для абсалютнай большасьці палякаў, якія памятаюць ролю Бандэры ў «Валынскай разьні» падчас Другой сусьветнай вайны. Палякі маглі б сказаць: «Украінцы зараз пад бомбамі, мы ім дапамагаем, яны маюць права на свой погляд, давайце не зьвяртаць на гэта ўвагі». Але не сказалі. Бо знаходжаньне «пад бомбамі» не дае аўтаматычнай рацыі ва ўсіх дзеяньнях і выказваньнях. Цяперашняя ўсебаковая палітычная і ваенная падтрымка Кіева з боку Варшавы не адмяняе адназначнай польскай пазыцыі па нейкіх гістарычных фігурах.
Сучасная расейская прапаганда адным са слупоў мілітарызацыі грамадзтва зрабіла памяць пра Другую сусьветную вайну — Вялікую Айчынную, у іхняй фармулёўцы. І памяць гэтая ператварылася ў жудасную агрэсіўную формулу «Можам паўтарыць». Фактычна мелася на ўвазе: «Мы пераможцы, таму нам дазволена ўсё, і нам усе вінныя» — што нібыта дае апраўданьне і абгрунтаваньне новай вайны. Спадзяюся, што бітва за сваю свабоду і незалежнасьць, якую вядзе зараз Украіна, ня стане падставай і штуршком для ня самых прыемных і непрымальных працэсаў ва ўкраінскім грамадзтве.
«Мы вядзем справядлівую вайну, таму нам увесь сьвет вінен» — нешта такое нярэдка прасочваецца ў меркаваньнях некаторых украінцаў, прынамсі ў сацыяльных сетках, і нават у палітыкаў. «Мы можам гаварыць што заўгодна пра беларусаў, нам можна, мы пад бомбамі». «Толькі ў нас сапраўднае гора — што там вашы палітвязьні і рэйкавыя партызаны?»
І ў гэтым сэнсе моцна ўражвае, што ў часткі афіцыйнага Кіева няма жаданьня аддзяляць Беларусь дэмакратычную ад Беларусі лукашэнкаўскай. Пры тым, што сотні беларусаў ва ўмовах жорсткай дыктатуры выйшлі ў дзень нападу Расеі падтрымаць Украіну; пры тым, што беларускі рэжым дае максымальна вялікія турэмныя тэрміны рэйкавым партызанам, якія аддалі сваю свабоду за перамогу Ўкраіны; пры тым, што ў Беларусі саджаюць за ўкраінскую песьню і за ўкраінскі сьцяжок — многія ва Ўкраіне не жадаюць гэтага бачыць, ня хочуць аддзяляць праэўрапейскіх і праўкраінскіх (дарэчы!) беларусаў ад беларусаў прарасейскіх і пралукашэнкаўскіх.
Ну, гэта як калі б беларусы рабілі свае высновы пра ўсіх украінцаў выключна абапіраючыся на меркаваньні жыхароў Крыму альбо тых жыхароў Данеччыны і Луганшчыны, якія перайшлі на іншы бок і ваююць супраць Украіны.
Пры гэтым парадаксальна, што ў адносінах з Захадам Кіеў заклікае адкінуць ганебную Realpolitik і кіравацца выключна маральнымі прынцыпамі. А ў адносінах зь Менскам уключае тую самую цынічную Realpolitik, заўважаючы толькі Лукашэнку і ігнаруючы дэмакратычных і праэўрапейскіх беларусаў.
Гэта памылка, і пра яе ня трэба маўчаць. Вайна не дае індульгенцыі на няпраўду, абразы і памылкі.