Зяленскі ў віншаванні са 160-годдзем паўстання 1863 года не згадаў беларусаў. Рада БНР адрэагавала
У віншавальным лісце, падчас урачыстасцей у Варшаве, прысвечаных 160-годдзю паўстання 1863 года, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не ўзгадаў Беларусь і беларусаў, якія змагаліся пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
У лісце, які зачытаў амбасадар Украіны ў Польшчы, гаварылася пра народы, што 160 гадоў таму аб'ядналіся ў барацьбе супраць расійскага імперыялізму. Аніякай згадкі пра беларусаў там не было.
«160 гадоў таму
нашы народы аб'ядналі свае сілы, устаўшы плячо ў плячо супраць расійскага
імперыялізму. Студзеньскае паўстанне паскорыла нацыянальнае адраджэнне і
вызваленчы рух на тэрыторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы», — напісаў
прэзідэнт Украіны.
«Дакладна гэтак
жа сама сёння аб'ядналіся Украіна, Польшча і Літва, выступаючы супраць
злачыннай расійскай агрэсіі, якая сваім нападам на Украіну кінула выклік бяспецы
ўсёй Еўропы і свету», — дадаў Зяленскі.
Многіх беларусаў
абурыла такая маніпуляцыйная трактоўка гісторыі. Рада БНР адрэагавала на гэта.
«Рада Беларускай
Народнай Рэспублікі выказвае засмучэнне тым, што ў дні, калі адзначаецца
160-гадовы юбілей пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага супраць Расійскай імперыі,
прэзідэнт Украіны не знайшоў магчымасці прыгадаць удзел у ім беларускага народа», — гаворыцца ў заяве.
Прычына гэтага,
адзначае Рада БНР, «зразумелая і палягае не ў гісторыі, а ў сучаснасці:
саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны».
«Аднак важна
памятаць, што Лукашэнка з’яўляецца ўзурпатарам і не выяўляе волі беларускага
народа. Ён выконвае волю Пуціна, у інтарэсах якога нішчыць незалежнасць
Беларусі», — удакладняе Рада БНР.
«Найлепшыя
прадстаўнікі беларускага народа падвяргаюцца няспынным рэпрэсіям, іх катуюць у
турмах, іх асудзілі да вялізных турэмных тэрмінаў. Сярод іх ёсць і тыя, хто
адразу пасля нападу Расіі на Украіну распачаў партызанскую вайну, імкнучыся
спыніць эшалоны з расійскай ваеннай тэхнікай. Самыя смелыя прадстаўнікі
беларускага народа сёння ваююць плячо ў плячо разам з украінскімі жаўнерамі
супраць расійскага агрэсара — у тым ліку і ў палку, які носіць імя Кастуся
Каліноўскага. Прыклады салідарнасці ёсць і ў зусім нядаўняй гісторыі: у 2014-м на
кіеўскім Майдане і на франтах Данбаса беларусы гінулі, абараняючы свабоду Украіны», — гаворыцца ў паведамленні Рады БНР.
«Падзеі апошняга
часу пацвердзілі, што свабода і дэмакратычная перспектыва Балта-Чарнаморскага
рэгіёна немагчымая без незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, ажыццявіць і
гарантаваць якую можа толькі беларускі народ. Народ, які мае даўнія традыцыі
змагання за свабоду, яскравым этапам якога з’яўляецца і паўстанне нашага
нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў», — упэўнены аўтары
звароту.
Нагадаем, што, віншуючы
ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод з атрыманнем Нобелеўскай прыміі міру,
Зяленскі таксама не згадаў іншых лаўрэатаў узнагароды — беларускага
праваабаронцу Алеся Бяляцкага і расійскі «Мемарыял».