“Гэта як хвароба”. Рыбакі-рызыканты выходзяць на лёд
На Заслаўскім вадасховішчы 29 лістапада патануў рыбак. Таўшчыня лёду ў тым месцы дасягала ўсяго чатырох сантыметраў.
Хапае рызыкантаў і ў іншых рэгіёнах. Напрыклад, на Вілейскім вадасховішчы.
– На Чыжевіцкай затоцы рыбакоў дзесьці ў пятніцу заўважылі. А каля нашай станцыі яны з’явіліся ў панядзелак, – расказвае вадалаз першага класа Вілейскай выратавальнай станцыі Міхаіл Гутнік. – Адпаведныя шыльды паставілі, папярэджваем. Але хто прамаўчыць, хто працэдзіць: “Гэта наша справа”. Я то на такі лёд не раіў бы лезці.
Лічу, што бяспечна, калі таўшчыня лёду будзе як мінімум сем-восем сантыметраў. У аўторак каля станцыі яна была ад чатырох да шасці сантыметраў.
Калі ўсё ж вырашылі парыбачыць, то вазьміце выратавальную камізэльку і вяроўку, раіць вадалаз. Ісці трэба, пераканаўшыся ў трываласці лёду наперадзе. І само сабой, не быць нападпітку.
Хто дапаможа выбрацца?
На Мядзельшчыне выратавальнікі ў нядзелю-панядзелак аб’язджалі азёры. Бачылі, што рыбакі ўжо былі на азёрах Белае, Рудакова, Баторына і больш дробных.
На Мястры рыбакоў заўважылі ў панядзелак.
– Тлумачым людзям, непадалёку ад выратавальнай станцыі расстаўленыя шыльдачкі з папярэджаннем, што “Выхад на лёд забаронены”. Аднак большасць папярэджанні ігнаруе, – расказвае старшыня Мядзельскага раённага таварыства выратавання на водах Дзмітры Мялешка.
Хаця некаторыя распытваюць, ці можна рыбачыць, цікавяцца таўшчынёй лёду. У сярэднім каля станцыі яна складала ў аўторак ад пяці да васьмі сантыметраў.
– Не разумею, які сэнс рызыкаваць, – працягвае Дзмітры. – Калі чалавек праваліцца пад лёд там, дзе блізка выратавальнікі, то падаспеюць. А калі там, дзе іх няма? Хто дапаможа выбрацца?
“Гэта трэба адчуваць”
Віляйчанін Мікалай на Вілейскае вадасховішча не імкнецца. Ён рыбачыць на сажалцы ў Вілейцы. Тлумачыць, што тут лёд таўсцейшы: сантыметраў дзесяць.
На пытанне, што так цягне рыбакоў хутчэй пайсці на лёд, адказвае:
– Не дзеля улову, вядома. І я раней рыбакоў не разумеў, пакуль сам не заняўся. Гэта не перадаць, толькі трэба адчуваць. Гэта як хвароба...
Ці будуць штрафаваць за выхад на тонкі лёд?
Нядаўна ішлі пагалоскі, што могуць забараніць выхад на тонкі лёд. А за парушэнне – штрафаваць. Аднак гэта толькі пакуль размовы.
Але ўжо распрацавалі праект закона аб бяспечных паводзінах на вадзе. Ён пастаўлены ў план разгляду на 2015 год,
Сярод іншага ў законапраекце закладзена норма, якая забараняе дзецям да 14 год выходзіць на лёд без кантролю бацькоў, паведамляе газета “Звязда”. І рыбакам давядзецца лепш клапаціцца пра сваю бяспеку.
Як за мяжой?
У Літве рыбакі пры выхадзе на лёд мусяць мець выратавальныя камізэлькі і спецыяльныя шыпы – з іх дапамогай можна зачапіцца за лёд і выбрацца на паверхню. Будзеш без іх – чакае штраф. У Латвіі заканадаўча забаронена знаходзіцца на нетрывалым лёдзе.