«Гэта робіцца, каб паказаць, як працуе аўтакратыя». Навошта былы настаўнік з Серабранкі разыгрывае беларускіх і расійскіх калег
З падачы беларускага мастака, былога настаўніка гісторыі з мінскай Серабранкі Уладзіслава Бохана расійскія настаўнікі віншавалі Пуціна цытатамі Сцяпана Бандэры, славілі мастака як Героя Расіі, рыхтавалі яго сустрэчу ў якасці даверанай асобы Пуціна.
Уладзіслаў Бохан — беларускі мастак, у мінулым выкладчык гісторыі зь менскай Серабранкі. Актыўны ўдзельнік пасьлявыбарчых пратэстаў, вымушаны быў зьехаць зь Беларусі ўлетку 2021 году, бо яму пагражаў крымінальны перасьлед.
Зь беларускімі настаўнікамі ён ладзіў абмеркаваньне падручнікаў ад імя Міністэрства адукацыі, ініцыяваў абсурдны флэшмоб, калі настаўнікі арганізавалі куткі для абмеркаваньня паправак да Канстытуцыі.
Апошняя акцыя мастака — «Выбар ужо зроблены. Акт 2». Ён прадставіўся даверанай асобай Уладзіміра Пуціна і папрасіў расейскіх настаўнікаў разьмясьціць аб’явы пра сустрэчы зь ім у школах.
«Даручэньне» пранкера выканалі настаўнікі дзьвюх зь сямі школ гораду Югра ў Кемераўскай вобласьці РФ, куды ён дасылаў лісты (школы № 14 і 15). У фае школы № 14 афішы з надпісам «За нашага прэзыдэнта!» трансьлявалі таксама на экране. Настаўнікаў не зьбянтэжыў нават QR-код на плякаце, які вядзе на канал Бохана.
Раней Бохан «прымусіў» настаўнікаў школаў у Смаленскай вобласьці правесьці акцыю зь ягоным партрэтам у гонар прысваеньня яму званьня «Герой Расеі». Яны трымалі ў руках плякаты з надпісамі «Ўладзіслаў наш герой» і «Ўладзіслаў наш гонар». У 2022 годзе з падачы Бохана настаўнікі падмаскоўнага гораду Клін выйшлі на суботнік з цытатамі часоў трэцяга райху, і ніхто зь іх не распазнаў, што гэта за цытаты.
Цяпер Уладзіслаў Бохан жыве ў Беластоку, працуе на чыгунцы. У ягоныя абавязкі ўваходзіць мыць цягнікі. Мастацтвам і пранкамі займаецца ў вольны час. Выхоўвае дваіх дзяцей.
«Свабода» распытала Ўладзіслава пра сэнс гэтых акцый, паслухмянасьць настаўнікаў і праблемы ў беларускай адукацыі.
«У Беларусі мяне ўжо ведаюць»
— Апошнія вашы акцыі больш зьвязаныя з Расеяй, у Беларусі настаўнікаў стала цяжэй разыграць?
— Ёсьць розьніца ў сыстэме Беларусі і Расеі. Беларусь больш цэнтралізаваная дзяржава, таму акцыі ў Беларусі пачалі выклікаць рэакцыю. Зараз нейкія конкурсы і імпрэзы яны праводзяць непасрэдна на загад упраўленьня адукацыі. На нейкія партыі ці арганізацыі яны асабліва не рэагуюць. У сьнежні адрэагавалі на рассылку нібы ад Міністэрства адукацыі. Я абмяркоўваў зьмены ў падручнікі зь імі.
У Беларусі аднойчы мне прыйшло ў адказ паведамленьне: «Уладзіслаў Бохан — гэта вы?». Тады я зразумеў, што мяне ўжо дастаткова добра там ведаюць. Прасьцей рабіць акцыі ў невялікіх мястэчках, бо ў вялікіх гарадах даволі часта адміністрацыі школ маюць чаты. Дастаткова аднаго чалавека, які заўважыў, што нешта ня тое. Многія дырэктары маюць кантакты ў адміністрацыях, ім лягчэй спраўдзіць. Аднак і зь Беларусьсю гэта можа атрымлівацца. Гэтую сыстэму можна паламаць, бо рэагуе сыстэма, а людзі проста выконваюць.
— А што наогул падштурхнула займацца такімі розыгрышамі?
— Мне рэзалі вока фотаздымкі, як працаўнікі фабрык, заводаў, мэдычных устаноў уважліва слухаюць, што вяшчае Лукашэнка. І я вырашыў паказаць, як гэта адбываецца знутры. Я доўга ня думаў, напісаў паведамленьне ад псэўдачыноўніцкай структуры, і настаўнікі яго выканалі. Я іх прымусіў абмяркоўваць Канстытуцыю. І яны ў адказ дасылалі пастановачныя фатаздымкі.
«Гэта робіцца, каб паказаць, як працуе аўтакратыя»
— Якая акцыя вам самому падаецца найбольш удалай?
— Для большасьці — гэта магчымасьць пасьмяяцца, нямногія зьвяртаюць увагу на маніфэсты, якія я туды закладаю. Гэта робіцца, каб паказаць, як працуе аўтакратыя: ня толькі зьверху ўніз, але і зьнізу ўверх. Мала зьмяніць твар наверсе, бо людзі застаюцца тыя ж. Калі браць мэдыйную рэакцыю, то гэта акцыя зь віншаваньнем Пуціна цытатамі Бандэры. На яе адрэагавалі нават у расейскай Дзярждуме. Можна сказаць, што хлапец зь Серабранкі даў пад зад асабіста Пуціну.
(Тады Бохан разаслаў у школы Калускай вобласьці ліст, нібыта ад дэпутата «Адзінай Расеі», з заклікам правесьці акцыю ў гонар імяніньніка, а да прапановы далучыў лёзунгі, якія павінны быць на плякатах, і фотапартрэт «Пуціна ў маладосьці». На ім быў Сьцяпан Бандэра. На заклік адгукнуліся 4 школы з 15, куды трапілі лісты. — РС).
— Чаму настаўнікі так пакорна рэагуюць на падобныя заклікі?
— Ня думаю, што так рэагуюць толькі настаўнікі. Проста я добра ведаю гэтую сыстэму ў школах, як яна працуе. Калі б я ведаў, як гэта працуе на іншых прадпрыемствах, то рабіў бы акцыі і там. Калі мы бяром дзяржаўныя прадпрыемствы, то там працоўныя мала чым адрозьніваюцца ад бюджэтнікаў. У Беларусі асноўным складнікам рэвалюцыі была сярэдняя кляса. Самыя буйныя стачкі былі на «Белкаліі», «Нафтане», «Гродна Азоце», дзе людзі атрымлівалі большыя заробкі. Калі людзі заклапочаныя элемэнтарна тым, каб дацягнуць да наступнага месяца, яны ня думаюць пра правы чалавека, яны маюць больш простыя інтарэсы. У гэтых людзей няма падушкі бясьпекі, каб сябе падстрахаваць. Яны абцяжараныя кароткімі кантрактамі, якія могуць не падоўжыць. А калі чалавек праявіў сябе неляяльна, то яго звольняць і больш нікуды ня возьмуць.
«У школе за сьпінай называлі БНФаўцам»
— Вы 6 гадоў адпрацавалі ў школе. Не было канфліктаў з кіраўніцтвам? Што там магчыма было б памяняць?
— Школам трэба даць больш аўтаноміі, школа юрыдычна ў падвойным падпарадкаваньні: з аднаго боку, ад Упраўленьня адукацыі [у мясцовай адміністрацыі. — РС], з другога — ад Міністэрства адукацыі. Ёсьць яшчэ БРСМ, «Белая Русь», прафсаюзы... Для школы абсалютна кожны — начальнік. Калі б там былі вышэйшыя заробкі, там людзі былі б вальнейшыя.
Я сябе адчуваў даволі вольным, таму што казаў: «Калі вам нешта не падабаецца, мяне можна звольніць, я пайду грузчыкам і буду мець такі ж заробак». У выніку прапрацаваў 6 гадоў, да 2021-га. Я сваіх поглядаў не хаваў, усе ведалі, што я супраць Лукашэнкі, за сьпінай называлі мяне БНФаўцам. Я не ўваходзіў ні ў БРСМ, ні ў «Белую Русь».
— Шмат часу займае падрыхтоўка да акцыі?
— Канечне. Я раблю дакумэнт адмысловы, шукаю подпісы. Спасылаюся, што за невыкананьне трэба патлумачыцца нейкаму рэальнаму чыноўніку. Усё залежыць ад кожнай акцыі. Можа і два, і тры дні пайсьці. Ёсьць людзі, якія мне дапамагаюць і таксама лічаць гэта карысным. Ёсьць нават людзі са сфэры адукацыі ў Расеі.
— Ніколі не было думак пажартаваць над нейкай дэмакратычнай беларускай арганізацыяй і паглядзець, што атрымаецца?
— Я б зрабіў, ня маю ілюзій наконт людзей у гэтых структурах. Там таксама многія выхаваныя ў аўтакратыі. Не хачу, каб потым пабеглі пісаць на мяне заявы ў мясцовыя органы, што іх пакрыўдзілі. Аднак лічу, што гэта б спрацавала.
— Вы таксама займаецеся мастацтвам, малюеце карціны, робіце мастацкія акцыі.
— Гэта ўсё і пачыналася як мастацтва. Зараз у Познані будзе ўжо шостая выстава праекту, над якім мы працуем. Мы разглядаем якраз дыктатуру і як яна выбудоўваецца зьнізу наверх, разглядаем народ не як ахвяру, а як крыніцу дыктатуры. Нельга забывацца, што ў 1994 годзе Лукашэнку абралі дэмакратычна, ён спатрэбіўся людзям чамусьці. Напачатку розыгрыш мы разглядалі як практычную частку. Палатно, карціны — гэта тэорыя, а пранк — практыка. Калі паказаць, што гэта на самой справе працуе, што мы ня толькі расказваем разумныя аповеды, а гэта рэальны сьвет вакол нас. А зараз акцыі — гэта ўжо сацыялягічны экспэрымэнт, мне цікава. Мне ня хочацца рабіць гэта толькі дзеля жарту, я хачу нешта зразумець і на практыцы даказаць нейкія мае думкі.