Гамельчука хочуць судзіць за рэпост парадаў ад анархістаў

У Гомелі 7 сакавіка пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага. Яго абвінавачваюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП).

Пётр Маркоўскі

Пётр Маркоўскі

Сутнасць правапарушэння ў тым, што мужчына на сваёй старонцы ў Фэйсбуку падзяліўся публікацыяй «Што рабіць, калі вас заганяюць у БРСМ. Парады ад анархістаў», піша gomelspring.org.
«Мяне выклікаў маёр міліцыі Ілля Крук і прад'явіў скан з старонкі ў Фэйсбуку. Аказваецца, яшчэ 6 лістапада мінулага года я зрабіў репост інфармацыі пра БРСМ і анархістаў. Я ўжо нават не памятаю, націснуў кнопку «падзяліцца» па памылцы або свядома. Нават калі свядома, адкуль мне ведаць, што гэтая інфармацыя ўключана ў спіс экстрэмісцкіх», — патлумачыў мужчына.

53873392_294633867885638_902226793275064320_n.jpg


Маркоўскі лічыць, што яго пераследуюць за актыўнасць і ўдзел у «маршах недармаедаў» 2017 года.
На думку праваабаронцы Леаніда Судаленкі, дзяржаўныя органы занадта шырока трактуюць само паняцце «экстрэмізм».
«Бяруць любую сацыяльную сетку, любую групу, якая крытыкуе дзеючую ўладу, і прызнаюць рэсурс экстрэмісцкім. Мне невядома, чаму репост інфармацыі пра БРСМ і анархістаў прыроўнены да экстрэмізму. У нас кожны, хто не згодны з уладай — ужо экстрэміст. Калі ёсць абмежаванне на распаўсюд інфармацыі, то павінна быць тлумачэнне — якую мэту пераследуе дадзенае абмежаванне? Гэта закранае правы і свабоды іншых грамадзян, нацыянальную бяспеку, тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы? Пакуль я бачу, што справа прыцягнутая за вушы», — пракаментаваў сітуацыю Судаленка.
Нагадаем, згодна з ч.2 артыкула 17.11 КаАП распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, цягне штраф ад 10 да 50 базавых велічынь або нават адміністрацыйны арышт да 15 сутак.