Гісторыя ці мова

Мала каго з нацыянальна самасвядомых беларусаў не ўзрадавала вестка аб стварэнні грамадскага Інстытута беларускай гісторыі і культуры (зарэгістраваны ў Літве), аб чым паведаміў яго навуковы сакратар, вядомы грамадскі дзеяч, пісьменнік і выдавец Анатоль Тарас.



5f8b73c0d4b1bf60dd7173b660b87c29.jpg

Мала каго з нацыянальна самасвядомых беларусаў не ўзрадавала вестка аб стварэнні грамадскага Інстытута беларускай гісторыі і культуры (зарэгістраваны ў Літве), аб чым паведаміў яго навуковы сакратар, вядомы грамадскі дзеяч, пісьменнік і выдавец Анатоль Тарас.
Бо ці ж можам мы быць задаволены тымі ведамі па айчыннай гісторыі, што атрымліваем у нашых навучальных установах, праз сродкі масавай інфармацыі ці яшчэ якія-небудзь афіцыйныя каналы? Вядома, не. Яшчэ не паспелі як след стварыць адзіную саюзную расійска-беларускую дзяржаву, а сярод нашых гісторыкаў з’явілася нямала такіх, якія мінулае сваёй краіны разглядаюць як неад’емны кампанент рускай гісторыі, яе адгалінаванне.
Зверху ўведзена архінедарэчная практыка вывучаць нацыянальную гісторыю ў чужой для нашага народа рускай мове. Нібыта нейкі сатана пакараў нас: стараемся рабіць усё не так, як у іншых краінах. Ну знайдзіце сярод іх у Еўропе хоць яшчэ адну, акрамя Беларусі, дзе б айчынную гісторыю вывучалі не на роднай мове. Няма! А ў нас такая дурнота ў вялікай пашане, мае шмат гарачых прыхільнікаў сярод палітыкаў, ідэолагаў, апаратчыкаў Міністэрства адукацыі РБ, саміх выкладчыкаў гісторыі Беларусі.
Вось добра было б, каб Інстытуту беларускай гісторыі і культуры (ІБГіК) удалося дапамагчы гэтым уплывовым катэгорыям людзей зразумець, што мовай выкладання айчыннай гісторыі можа быць толькі беларуская, а не якая-небудзь чужая, у тым ліку руская, англійская, нямецкая, кітайская…
А якую страшэнную нацыянальную дэградацыю перажывае (і не першы год!) самы галоўны ў нашай краіне сектар культуры — дзяржаўны. У ім нацыянальная беларуская культура выступае не больш, як у ролі няшчаснай Папялушкі. З гэтай бядой амаль ніхто не змагаецца з бюджэтных творцаў беларускай інтэлігенцыі. Больш за тое, абсалютная большасць з іх у сябе дома да сёмага поту працуе на карысць рускай, а не беларускай культуры.
У ІБГіК не бачу больш адказнай задачы, як дапамагчы творчай інтэлігенцыі аказаць сапраўдны супраціў гэтай заганнай, паводле ўсіх пазіцый стратнай практыцы. Не будзем забывацца, што панаванне чужамоўнай культуры ідзе толькі на шкоду самабытнасці, адметнасці нашага духоўнага жыцця, не дазваляе народу правільна вызначыцца са сваім нацыянальным «Я».
У святле ўсяго вышэйсказанага проста не магу да канца зразумець паважанага мною навукоўца, выдаўца многіх цікавых кніг па гісторыі Беларусі, навуковага сакратара ІБГіК Анатоля Тараса, калі ён сцвярджае: «Акрамя таго, мы зыходзім з думкі, што галоўным фактарам у фармаванні нацыянальнай свядомасці найбольш актыўных прадстаўнікоў грамадства з’яўляецца не беларуская мова, а веданне свайго мінулага».
Лічу, што зараз такія прадстаўнікі грамадства куды лепш ведаюць сваё мінулае, чым валодаюць роднай мовай, аднак гэта, наколькі я заўважаю, ніяк не адбіваецца на фармаванні ў іх нацыянальнай самасвядомасці. Як правіла, толькі носьбіты беларускай мовы, нібыта тыя рыцары, смела, рашуча выступаюць супраць дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі (ахвяраў яе ўжо ніяк не залічыш да людзей з належным узроўнем беларускай нацыянальнай самасвядомасці), вядуць самаахвярнае змаганне за захаванне нацыянальнага суверэнітэту краіны.
Сёння ўжо амаль не чуваць, каб нават добрыя знаўцы айчыннай гісторыі, з асяроддзя прафесараў і выкладчыкаў дзяржаўных ВНУ, мелі смеласць, жаданне публічна загаварыць па-беларуску, бо ў іх на дзве нагі кульгае нацыянальная самасвядомасць, нестае нацыянальнага гонару.
У гэтай сітуацыі прынцыпова інакш паводзяць сябе суладныя з беларускай мовай асобы, нават не будучы належным чынам дасведчанымі ў айчыннай гісторыі. Не веданне сваёй гісторыі, а валоданне, карыстанне беларусамі роднай мовай дазваляла ім доўгі час заставацца самім сабой, нягледзячы на жорсткія, каварныя, авантурныя метады дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі.
І ўжо толькі тады, калі праз майскі рэферэндум 1995 года ўласнай дзяржаве ўдалося дасягнуць франтальнага адлучэння беларусаў ад роднай мовы, у іх пачаліся сур’ёзныя праблемы з нацыянальнай ідэнтычнасцю, прычым да такой ступені сур’ёзныя, што перапужалася і само кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь. Таму яно распарадзілася пры візуальным афармленні населеных пунктаў краіны як мага часцей выкарыстоўваць лозунгі, плакаты з зусім нерэальнымі на сёння надпісамі: «Мы — беларусы», «Я — Беларусь». Сваім культурна-моўным жыццём ні беларусы, ні іх краіна не адпавядаюць такім надпісам.
Нам усім, шаноўны сп. Анатоль, варта было б больш уважліва прыгледзецца і штосьці карыснае запазычыць з практыкі шанавання роднай мовы яўрэямі. У хедэрах, сшыботах яны давалі сваім дзецям даволі грунтоўныя веды па гісторыі, але варта было ім падацца на вучобу ў рускамоўныя навучальныя ўстановы царскай імперыі і трохі пажыць у яе цэнтральных губернях, як многія пачыналі забывацца на мову сваіх бацькоў, а затым ужо і на прыналежнасць да яўрэйскай нацыі. Адзін з выбітных яе дзеячаў Перэц Смаленкін так даводзіў свайму народу: «Аснова яўрэйства — мова іўрыт і вера ў нацыянальнае вызваленне... Усе тыя, хто пагарджаюць яўрэйскай мовай, пагарджаюць усім народам, і няма ім месца ў Ізраілі, яны здраднікі народа».
На сённяшні дзень мне нічога так не хочацца, як вяртання беларусаў да выкрадзенай у іх чужымі і сваімі палітычнымі рэжымамі роднай мовы. Калі такое адбудзецца, людзі самі гужом пацягнуцца вывучаць сваё мінулае. Мова і гістарычная памяць — гэта родныя сёстры, старэйшая ж з іх — першая.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук