Фігурант «справы 11-ці»: Карпянкоў асабіста здымаў «пакаяльнае відэа» на камеру
У судзе Ленінскага раёна Мінска ўжо амаль месяц ідзе судовае разбіральніцтва па масавай крымінальнай справе, якая вырасла з тэлеграм-чата «радыкальнай скіраванасці». 11 чалавек затрымалі ў канцы верасня, жорстка збілі і прад'явілі абвінавачанні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293, ч. 3 арт. 218, ч. 2 арт. 295, распавядае «Вясна».

Ілюстрацыйны здымак. Скрын CTV.BY
На лаве падсудных — у тым ліку палітвязні Юрый Бялько, Сяргей Плоніс, Аляксандр Рэзнік, Расціслаў Стэфановіч, Павел Нядбайла, Яўген Прапольскі, Дзмітрый Ластоўскі, Арцём Касакоўскі. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Астапенка. Суд праходзіць, фактычна, у закрытым рэжыме, туды не пускаюць нават усіх сваякоў.
Адзіным абвінавачаным па справе, які знаходзяцца на волі, з'яўляецца 22-гадовы Давід Слашчаў. 21 чэрвеня яго абвясцілі ў вышук, бо ён не з'яўляўся на пасяджэнні. Яго справу вылучылі ў асобную. Пазней стала вядома, што Давід Слашчаў з'ехаў ад пераследу ў іншую краіну. Зараз Давід расказаў «Вясне» пра гэтую крымінальную справу, пра збіццё і ціск, якому падвергнуліся фігуранты, і пра тое, што асабіста яму давялося перажыць падчас следства.
У чым усіх абвінавачваюць?
Пяцярых чалавек, якія потым сталі фігурантамі гэтай справы, у тым ліку Давіда Слашчава, затрымалі 29 верасня ў 22:30 каля станцыі метро «Уручча», дзе ў іх была прызначаная сустрэча. Там удзельнікаў чата чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яшчэ шэсць чалавек былі затрыманыя або да гэтага, або пасля.
Усіх 11 фігурантаў гэтай крымінальнай справы абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у тэлеграм-чаце «радыкальнай скіраванасці». Акрамя гэтага, усіх абвінавачваюць у наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці групай асоб (ч. 3 арт. 218 КК). У віну ім ставяць пашкоджанне трох «Табакерак» праз тое, што ўвечары 29 верасня яны нібыта збіраліся пашкодзіць адну з іх.
Дырэктар «Табакерак» падчас следства напісаў заяву, што ніякай шкоды прычынена
не было і што ён не мае ніякіх прэтэнзій, але абвінавачанні з фігурантаў так і
не знялі. Акрамя гэтага, палітвязню Юрыю Бялько прад'яўляюць ч. 2 арт. 295 КК
(«Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі»). Пры ператрусе ў гаражы
мужчыны знайшлі два пісталеты: адзін у машыне, другі — у металаломе.
Удзельнікі чата — супрацоўнікі ГУБАЗіКа
Як высветлілася на судзе, у чат з двух акаўнтаў удзельнікаў
пісалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Двух чалавек з чата затрымалі раней за астатніх і ад іх імя «пісалі правакацыйныя рэчы ў чат», падбухторвалі да
агульнай сустрэчы.
«Я быў падпісаны ў тэлеграме на некаторыя чаты, якія
падтрымлівалі радыкальныя метады барацьбы з рэжымам. Там сабралася невялікая
група людзей, якія вырашылі зрабіць свой асобны чат. Я быў сярод гэтых людзей.
Там я пазнаёміўся з людзьмі, якія цяпер з'яўляюцца фігурантамі гэтай
крымінальнай справы. Раней я іх не ведаў.
Калі 29 верасня мы прыйшлі на сустрэчу, там нас ужо чакала
група супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Яны затрымалі ўсіх і пагрузілі ў аўтобус», —
узгадвае Давід.
Тых, хто не быў на сустрэчы, затрымалі да гэтага ці пазней
пасля затрымання асноўнай часткі людзей. Усіх вылічылі праз чат і па мабільных
тэлефонах.
«Мяне збівалі берцамі — потым было вельмі шмат
сінякоў»
«Калі нас "бралі", то жорстка збівалі ўсю ноч. Калі нас затрымалі і запхнулі ў бусік, то гаварылі, што ўсе "паедзем" на 16 гадоў, і пачалі жорстка збіваць — "выбіваць паказанні", так бы мовіць. Білі па галаве нагамі, дубінкамі, рукамі... Проста тапталіся ўсюды. Калі прывезлі ў РУУС Першамайскага раёна, то па кабінетах таксама дубасілі. Адзінае, калі хтосьці пачынаў плакаць або спасылаўся на нейкія праблемы са здароўем, то іх не чапалі. Я асабіста губляў прытомнасць. Я ім гаварыў: "Спыніцеся, я губляю прытомнасць". Яны мне казалі: "Кладзіся на падлогу!" — і далей працягвалі біць. Мяне збівалі берцамі — потым было вельмі шмат сінякоў».
Карпянкоў сказаў: «Ці ты зараз кажаш, што табе заплаціў
каардынатар тысячу долараў, ці проста зараз "едзеш" на 16 гадоў»
Як распавёў Давід, пасля затрымання, калі ўсіх даставілі ў дворык РУУС Першамайскага раёна, то да яго ў бус падсеў Мікалай Карпянкоў (зараз намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі, раней узначальваў ГУБАЗіК), які сам здымаў з Давідам «пакаяльнае відэа» на камеру. Потым яно ўвайшло ў нарэзку для навін БТ.
«Пры гэтым быў Карпянкоў і здымаў усіх на камеру. Я
тады рэальна спалохаўся. На відэа ў навінах БТ я казаў, што мне заплаціў
каардынатар "ОГСБ" [атрад грамадзянскай самаабароны] тысячу долараў
за гэтую справу. Гэта няпраўда, мне ніхто нічога не плаціў і нават такой
размовы не было. Чаму я так вырашыў сказаць? Калі нас адразу пасадзілі ў бусік,
то пачалі пытацца, хто каму колькі заплаціў. І калі мы гаварылі, што нам ніхто не
плаціў, нас білі. Калі я сказаў, што мне не плацілі нічога, мяне збілі. Потым
я вырашыў нахлусіць і сказаў, што мне заплацілі. Калі мяне на відэа здымаў
Карпянкоў, то ён мне сказаў: «Ці ты зараз кажаш, што табе заплаціў
каардынатар тысячу долараў, ці проста зараз "едзеш" на 16
гадоў». Натуральна, калі мяне першы раз затрымліваюць, вельмі жорстка
збіваюць, то я падумаў, што мяне наогул забіць могуць, а не вельмі хацелася...» — узгадвае Давід.
Прымушалі пісаць прызнальныя і лжывыя паказанні пад руляй
пісталета
Як распавёў Давід, на судзе палітзняволены Дзмітрый Ластоўскі гаварыў, што да яго галавы пісталет прыстаўлялі і прымушалі пісаць прызнальныя і лжывыя паказанні пад руляй пісталета. Таксама, паводле паказанняў абвінавачаных на судзе, прымушалі пісаць ілжывыя паказанні пасля збіцця ў кабінетах яшчэ аднаго фігуранта справы.
«Тады я падумаў: навошта мне хлусіць, калі я магу
проста распавесці праўду?»
Давід Слашчаў з'яўляецца адзіным абвінавачаным па справе, які знаходзіцца на волі. Астатнія 10 чалавек з канца верасня ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах. 21 чэрвеня абвясцілі ў вышук і Давіда, бо ён не з'яўляўся на пасяджэнні. Справу Слашчава вылучылі ў асобную вытворчасць і ў выпадку затрымання яго будуць судзіць асобна. Але Давіду ўдалося з'ехаць у бяспечнае месца.
«Я да гэтага часу задаюся пытаннем, чаму я адзіны на
волі. Я быў вельмі актыўны ў тым чаце і шмат чаго прапаноўваў… Як я зразумеў,
пасля затрымання ў першыя 72 гадзіны ўсе наогул адмаўлялі свой удзел. Пры
першым допыце ў Следчым камітэце ў мяне павінен быў быць дзяжурны адвакат, але
следчы прапанаваў узяць у мяне паказанні, пакуль яна [адвакатка] едзе. Я раней
не затрымліваўся і не ведаў, што без адваката лепей не даваць ніякіх
паказанняў. Тады я падумаў: навошта мне хлусіць, калі я магу проста распавесці
праўду? Я не разумеў, навошта ісці на адмову, калі нас «узялі» на
месцы злачынства, так бы мовіць: чаты не былі пачышчаныя, уся інфармацыя ў іх была.
Мяне пужалі вельмі вялікімі турэмнымі тэрмінамі: ад 8 да 16 гадоў. І я
распавёў, як усё было. Атрымліваецца, што ўсе пайшлі ў адмову, а я — не. Я
нікога не здаваў, сілавікі на ўсіх выйшлі самі. І калі мяне прывялі ў Следчы
камітэт, то там ужо сядзеў апошні чалавек, якога яны затрымалі дома. Магчыма,
таму я на волі, бо даў нейкія паказанні. Але мне тады не гаварылі, што калі я
буду даваць паказанні, то пайду дадому. Гэта было асабіста маё рашэнне. І я
лічу, што зрабіў правільна, бо ўся інфармацыя і так ёсць у чаце. Я проста казаў
усё што ёсць, і ўсё».