Федэрацыя футболу пакарала «Крумкачоў» пасля матчу, на які яны выйшлі ў майках з заклікамі супраць гвалту

Кантрольна-дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футболу аштрафаваў клуб «Крумкачы» на 3375 рублёў за «невыкананне патрабаванняў» арганізацыі матчу 1/16 фіналу Кубку Беларусі супраць мінскага «Дынама», паведамляе Радыё Свабода.

krumka_1.jpg

На размінку перад сустрэчай 1 верасня гульцы выйшлі ў майках з надпісам «Мы супраць гвалту» і ўпэўнена перамаглі супернікаў з лікам 2:0. Іх пакаралі за няправільную форму і затрымку матчу. Пункт 1 артыкулу 82 Дысцыплінарнага кодэксу прадугледжвае, што затрымка часу пачатку матчу па віне каманды караецца штрафам у памеры ад 50 да 100 базавых велічынь.
Такім чынам футбалісты падтрымалі сваіх калегаў па камандзе Сяргея Казеку і Паўла Расольку, якія былі затрыманыя 30 жніўня падчас шматтысячнага маршу за перамены ў Мінску.
Спартоўцы вярталіся з трэніроўкі, а ў выніку былі схопленыя і збітыя. Казеку шпіталізавалі бо сілавікі пашкодзілі яму хрыбет і нырку. Абодвум інкрымінавалі «напад на службовы транспарт» міліцыі.
Ад крымінальнай справы іх уратаваў толькі перагляд відэазапісаў, зь якіх бачна, што да ніяк не абазначанага мікрааўтобусу тыя нават не набліжаліся.