«Дзякуй сапраўдным мужчынам!» Мінчанкі падтрымалі асводаўцаў (фота)

Ля станцыі ТВВОД (ОСВОД) на Камсамольскім возеры ў Мінску прайшла акцыя салідарнасці з затрыманымі і змешчанымі на Акрэсціна ратавальнікамі, якія выцягвалі людзей з вады пасля Маршу адзінства 6 верасня.

p9081811_logo.jpg

Каля дзясятка жанчын прыйшлі на акцыю салідарнасці з супрацоўнікамі ратавальнай станцыі. Яны прыносілі кветкі і плакаты, наўпрост на месцы майстравалі вянкі і папяровыя караблікі з напісанымі на іх словамі падзякі, якія пасля апусцілі ў ваду. 


Супрацоўнікам станцыі дэманстранткі крычалі «Дзякуй!» і пляскалі ў ладкі, але ніхто з іх да жанчын не выйшаў, хоць перыядычна людзі з'яўляліся ў галерэі будынка станцыі. 
На знак салідарнасці да акцыі далучыліся і некалькі хлопцаў, якія далікатна стаялі ад дэманстрантак убаку, выказваючы ім словы падтрымкі.


Акцыя прайшла мірна і без здарэнняў, супрацоўнікаў міліцыі заўважана не было. 


Нагадаем, пасля Маршу адзінства ў Мінску сілавікі пачалі жорстка затрымліваць людзей. Ратуючыся, дэманструнты пачалі скакаць у Свіслач. Ратавальнікі на катарах выцягнулі людзей і перавезлі іх на іншы бераг. Пасля ўся змена — 8 чалавек — была затрыманая і змешчаная ў ізалятар на Акрэсціна ў чаканні суда. У чым абвінавачваюць асводаўцаў і калі адбудуцца суды, пакуль невядома.