Еўрасаюз асудзіў новы смяротны прысуд у Беларусі

Дыпламатычнае ведамства ЕС (Еўрапейская служба знешніх сувязяў) апублікавала заяву з нагоды вынесенага 10 студзеня смяротнага прысуду.

2323232.jpg

10 студзеня 2020 года Магілёўскі абласны суд у Беларусі вынес два смяротныя прысуды братам Іллі і Станіславу Косцевым.
Гэтыя два смяротныя прысуды дадаліся да трох смяротных прысудаў, вынесеных у 2019 годзе. Тры смяротныя прысуды былі выкананыя ў мінулым годзе, і цяпер ліст "смяротнікаў" складаецца з чатырох асобаў.
«Са спасылкай на Высновы Савета ад 2016 года, у якіх асуджаецца прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі, Еўрапейскі саюз зноў выказвае рашучае непрыманне ўжывання найвышэйшай меры пакарання пры любых абставінах.
Смяротнае пакаранне парушае неад'емнае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і з'яўляецца самым жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым годнасць пакараннем. Найвышэйшая мера пакарання таксама не дзейнічае як сродак стрымлівання злачынства. Памылкі правасуддзя робяцца непапраўнымі.
Увядзенне мараторыя на выкананне смяротных прысудаў у Беларусі было б станоўчым першым крокам на шляху да адмены смяротнага пакарання», — гаворыцца ў заяве ведамства.


Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе і ў СНД, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Смяротнае пакаранне прызначаецца за 12 катэгорый злачынстваў у мірны час і 2 — у ваенны час.