ЕС заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне
Еўрапейскі саюз чакае, што Беларусь далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне. Пра гэта сказана ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч, інфармуе БелаПАН.
Заява распаўсюджана ў сувязі з выкананнем у Беларусі смяротнага прысуду ў дачыненні да Сяргея Іванова (ён здзейсніў жорсткае забойства чалавека), а таксама рашэннем Вярхоўнага суда пакінуць у сіле смяротны прысуд Сяргею Хмялеўскаму (ён здзейсніў забойства трох чалавек).
"Нягледзячы на шматлікія заклікі, зробленыя Еўрапейскім саюзам, у Беларусі ажыццёўлена новае выкананне смяротнага прысуду. Выпадак Сяргея Іванова, які быў прыгавораны да смерці Вярхоўным судом Беларусі ў сакавіку 2015 года, выклікае асаблівую занепакоенасць у святле таго факта, што яго скарга знаходзілася на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека", — адзначаецца ў заяве.
Падкрэсліваецца, што Еўрасаюз выступае супраць смяротнага пакарання, якое не ў стане стрымліваць злачыннасць і ўяўляе сабой "непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці і недатыкальнасці".
З падобнай да гэтай заявай выступіў таксама генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд. Як вядома, Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне.
Паводле euroradio.fm